У Віцебску назіральніцу не пусцілі на выбарчы ўчастак


Ірына Астапенка, дырэктарка сярэдняй школы № 46, якая адначасова з’яўляецца старшынёй участковай камісіі № 66 Першамайскага раёну Віцебску, не пусціла на выбарчы ўчастак незалежных назіральнікаў. За хадою галасавання назіраюць прадстаўнікі БРСМ.

Незалежны назіральнік Алена Шабуня напярэдадні зарэгістравалася на выбарчым участку № 66 Першамайскага раёну Віцебску. Але ранкам, калі яна прыйшла на ўчастак, то яе не пусціла старшыня ўчастковай камісіі Ірына Астапенка.

Ірына Астапенка.
Фота: «Белсат»

«Вы зарэгістраваліся на нашым участку пад нумарам 14 і павінныя ведаць, што мы запрашаем на назіранне паводле чаргі пры рэгістрацыі. Перад вамі акрэдытаваліся 13 асобаў. Таму запрашаюцца як назіральнікі паводле парадкавага нумару. І калі назіральнікі адмаўляюцца быць на ўчастку, мы запрашаем наступнага паводле рэгістрацыі. На сённяшні дзень на датэрміновым галасаванні прысутныя тры назіральнікі. Калі на наступныя дні ў нас адбудуцца нейкія змены – то мы вам патэлефануем і запросім», – паведаміла Ірына Астапенка.

Старшыня камісіі адмовілася агучваць інфармацыю пра тое, якія арганізацыі прадстаўляюць назіральнікі, якім дазволілі быць на выбарчым участку. Паводле Ірыны Астапенка, назіральнікі, якія цяпер на ўчастку, выказваюць жаданне правесці цэлы дзень і параіла незалежным назіральнікам вывучаць заканадаўства.

Фота: «Белсат»

«Я дзейнічаю строга ў адпаведнасці пастановы ЦВК № 115. Таму калі вы ў нас не зарэгістраваныя ў першай тройцы, то не можаце быць на ўчастку. Я вам патлумачыла сітуацыю, таму як кіраўнік установы адукацыі прашу пакінуць памяшканне. Вы можаце быць на выбарчым участку толькі як выбарнік», – адрэзала Ірына Астапенка.

Дырэктарка школы настойліва запатрабавала ад Алены Шабуня пакінуць участак, пераконваючы, што выбары адбываюцца празрыста і адкрыта. Абмежаванні, паводле яе словаў, створаныя дзеля людзей, каб забяспечыць дыстанцыю і зменшыць колькасць асобаў на ўчастку ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй.

Фота: «Белсат»

У сваю чаргу Алена Шабуня распавяла «Белсату», што ў Віцебску ніводнага незалежнага назіральніка не пусцілі на выбарчыя ўчасткі. Цяпер за хадою выбараў назіраюць толькі прадстаўнікі праўладных арганізацыяў.

Пасля інцыдэнту на выбарчым участку Алена Шабуня накіравала скаргу ў тэрытарыяльную выбаручую камісію і пракуратуру з патрабаваннем зняць абмежаванні для назіральнікаў.

Hавiны
Берасцейскіх назіральнікаў у першы дзень датэрміновага галасавання адправілі на вуліцу
2020.08.05 13:22

СК belsat.eu

Стужка навінаў