У Вільні правядуць вучэнні на выпадак аварыі на БелАЭС


5 верасня ў сталіцы Літвы Вільні адбудуцца вучэнні, якія імітуюць аварыю на Беларускай АЭС, прадугледжаная эвакуацыя жыхароў, піша Delfi.

Паводле словаў дырэктара адміністрацыі Віленскага самакіравання Павіласа Падзярскіса, разглядаецца сцэнар з распаўсюджваннем радыяцыйнага заражэння ў радыусе 50 км ад АЭС – гэта зона ўключае ў сябе і Вільню.

«Сцэнар прадугледжвае імітацыю, што пэўную частку Вільнюса трэба эвакуіраваць, людзі будуць накіроўвацца на так званыя пункты санітарнай апрацоўкі, пункт будзе абсталяваны каля арэны Siemens. Мы там выканаем гэтую працэдуру: пераапранем людзей, пасадзім іх у аўтобусы і па вуліцы Укмергес адправім у кірунку Укмерге (горад на паўночным захадзе Літвы – belsat.eu)», – распавёў ён.

Падчас вучэнняў будзе зроблена спроба ацаніць гатоўнасць групы муніцыпальных прадпрыемстваў, іншых службаў да адпаведных пагрозаў, будуць імітавацца і кібернетычныя атакі. «Занясем перабоі ў працу дзяржаўных ведамстваў, паглядзім, як мы ўсе гатовыя», – распавёў Падзярскіс.

Паводле ягонай ацэнкі, нацыянальныя ведамствы павольна рыхтуюцца да старту БелАЭС і верагодным інцыдэнтам на ёй. Як сказаў дырэктар муніцыпальнай адміністрацыі, ужо цяпер самакіраванне бачыць «вялікія дзіркі», гэта значыць недахоп фінансавання, абсталявання, супрацы з іншымі ведамствамі. У якасці прыкладу ён прывёў тое, што ў сцэнары намечана, што «персанал грамадзянскай абароны атрымлівае звесткі аб радыяцыйным забруджванні».

«Такіх дзяжурных супрацоўнікаў урад не фінансуе, так што мы імітуем, што такія як бы маюцца, але іх няма», – патлумачыў ён.

Ён кажа, што на выпадак траплянне радыяцыі ў раку Нерыс рыхтуецца план, як падаваць ваду з падземных крыніц, якія не звязаны з басейнам Нерыс.

***

БелАЭС будуецца ў Астраўцы, прыкладна ў 50 км ад Вільні і менш чым у 30 км ад мяжы Літвы. Увод у эксплуатацыю першага рэактара станцыі намечаны на восень гэтага года. Літоўскі ўрад кажа, што пры будаўніцтве БелАЭС не выконваюцца патрабаванні да бяспекі і ахове прыроды. Беларусь такія прэтэнзіі катэгарычна адхіляе.

КА belsat.eu

Стужка навінаў