У Венесуэле лідар апазіцыі абвясціў сябе новым прэзідэнтам. ЗША яго прызналі


Лідар апазіцыйнай Нацыянальнай асамблеі Венесуэлы Хуан Гуайда абвясціў сябе прэзідэнтам краіны. Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп афіцыйна прызнаў Гуайда легітымным часовым кіраўніком Венесуэлы.

Паводле Reuters, Гуайда абвясціў сябе прэзідэнтам падчас масавых пратэстаў у Каракасе.

«Я клянуся ўзяць на сябе ўсе паўнамоцтвы прэзідэнта, каб забяспечыць канец узурпацыі», – сказаў ён перад натоўпам.

Лідар апазіцыі дадаў, што гатовы правесці ў Венесуэле свабодныя выбары. Ён заклікаў сілавікоў не падтрымліваць прэзідэнта Мадуру.

Мітынг прыхільнікаў апазіцыі ў Каракасе, 23 студзеня. Фота – REUTERS/Carlos Garcia Rawlins
Пратэсты ў Каракасе. Фота – REUTERS/Adriana Loureiro

Амерыканскі Белы дом паведаміў, што Доналд Трамп афіцыйна прызнаў Гуйада часовым прэзідэнтам Венесуэлы. Раней у Вашынгтоне заяўлялі, што не лічаць Мадуру легітымным кіраўніком краіны. Віцэ-прэзідэнт ЗША Майк Пэнс 22 студзеня апублікаваў відэазварот да грамадзянаў Венесуэлы, заклікаўшы іх упэўнена выказаць сваю пазіцыю падчас будучых пратэстаў.

Пратэсты ў Венесуэле працягваюцца ўжо трэці дзень. Падчас беспарадкаў у краіне загінулі мінімум чатыры чалавекі, у тым ліку 16-гадовы падлетак.

Меркаванне
Эканамічны калапс, масавыя пратэсты і вайсковы мяцеж. Што адбываецца ў Венесуэле?
2019.01.23 10:00

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў