У Смаргоні 7 чалавек будуць судзіць за велапрабег. Сярод іх - медсястра


Міліцыя склала пратаколы паводле арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) у дачыненні сямі жыхароў Смаргоні, якія 14 ліпеня бралі ўдзел у роварным заездзе.

Пра гэта belsat.eu паведаміла Аліна, якая працуе медсястрой у цэнтральным раённым шпіталі Смаргоні.

«14 ліпеня ў адным з тэлеграм-каналаў я прачытала навіну пра заезд раварыстаў у Смаргоні і вырашыла паехаць, каб паглядзець, што будзе адбывацца. Я прытрымліваюся здаровага ладу жыцця, таму вырашыла паўдзельнічаць у велапрабегу. Калі я прыехала на месца збору, там ужо дзяжурыла машына міліцыі, а невядомы мужчына здымаў на камеру ўсіх навокал», – распавядае яна.

Паводле Аліны, сабралася ўсяго сямёра раварыстаў. Яны зрабілі некалькі колаў па горадзе, хтосьці ўключыў музыку. Пры гэтым іх увесь час суправаджала міліцэйская машына.

«Мы нічога не парушалі, не выкрыквалі ніякіх лозунгаў. Потым я паехала дадому, а да астатніх удзельнікаў падышоў міліцыянт і папрасіў паказаць дакументы, бо нібыта паступіла скарга, што яны распіваюць спіртныя напоі падчас руху. На гэтым усё ў той дзень і скончылася», – кажа Аліна.

Праз два дні да Аліны прыехаў працаўнік міліцыі і папрасіў праехаць з ім у пастарунак, каб даць паказанні ў якасці «удзельніцы несанкцыянаванага масавага мерапрыемства». У РАУС на Аліну склалі пратакол паводле арт. 23.34 КаАП.

«А ўчора ўсім, хто ўдзельнічаў у заездзе прынеслі позвы ў РАУС. Мы з’явіліся на гутарку, а пасля, на выхадзе з пастарунку ва ўсіх адбіралі мабільныя тэлефоны без тлумачэння прычыны. Я свой тэлефон у той дзень пакінула дома», – тлумачыць яна.

Аліне было вельмі непрыемна, калі на наступны дзень пасля затрымання пра інцыдэнт ведалі на ейнай працы, у шпіталі.

Паводле слоў жанчыны, цяпер усіх семярых раварыстаў чакае суд, дата якога стане вядомая цягам двух тыдняў.

КА belsat.eu

Стужка навінаў