У Сірыі затрымалі баевікоў «Ісламскай дзяржавы» з расейскімі пашпартамі


Гарадскі бой у Сірыі.

«Сірыйскія дэмакратычныя сілы» (СДС) паведамілі аб затрыманні чацвярых баевікоў тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава».

Двое затрыманых, як сцвярджаецца, маюць расейскае грамадзянства. Паводле інфармацыі СДС, іх імёны – Усмат Аттаеў і Махамед Джавад Хан. Астатнія – грамадзяне Турцыі і Афганістана.

Мужчын затрымалі 9 студзеня. Іх абвінавачваюць у здзяйсненні тэрактаў і арганізацыі тэрарыстычных ячэек у горадзе Ракка на поўначы Сірыі.

У 2017 годзе ў дакладзе амерыканскай аналітычнай кампаніі Soufan Group адзначалася, што расейцы складаюць самую вялікую групу замежнікаў, якія ваююць на баку тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава» ў Іраку і Сірыі.

Па падліках аўтараў дакладу, на баку «ІД» па стане на кастрычнік 2017 года ваююць 3417 грамадзянаў Расейскай Федерацыі. Другую па колькасці групу складаюць выхадцы з Саудаўскай Аравіі – 3244 чалавека. На трэцім месцы Іярданія з 3000 байцамі. Усяго, па падліках аўтараў дакладу, на баку «ІД» ваююць 8717 выхадцаў з краін былога СССР, уключаючы Расею.

Расейскія ўлады раней прызнавалі, што сярод байцоў «Ісламскай дзяржавы» шмат расейцаў – ад 3,5 да 4 тыс.

Грамадзяне Беларусі ў дакладзе амерыканскіх аналітыкаў не фігуравалі. Аднак у 2015 годзе кіраўнік МУС Беларусі Ігар Шуневіч заяўляў, што да «Ісламскай дзяржавы» далучыліся каля 10 беларусаў. У тым жа годзе СМІ паведамлялі пра тое, што ў Сірыі загінуў ураджэнец Гародні Дзяніс Васільеў, які ваяваў за ісламістаў.

У Іраку 19 грамадзянак Расеі прысуджаныя да пажыццёвага зняволення

ІІ, belsat.eu, паводле Медуза

Глядзі таксама
Каментары