17-гадовага грамадзяніна Латвіі затрымала паліцыя па падазрэнні ў нападзе з сякераю ў мястэчку Флумс на паўночным усходзе Швейцарыі. Ад нападу пацярпелі 8 асобаў, некаторыя знаходзяцца ў цяжкім стане.
Напады былі здзейсненыя ў некалькіх месцах гарадку ўвечары ў нядзелю. Па звестках швейцарскай паліцыі, сярод пацярпелых апынулася сям’я з немаўлём. Злачынца напаў на пару ў цэнтральным парку, дзіця выпала з вазку, але нападнік яго не чапаў.
Злачынца перамяшчаўся спачатку на скрадзеным аўто, потым разбіў яго і працягнуў свае атакі пешшу.
Паліцыя падстрэліла нападніка каля аўтазаправачнай станцыі, дзе ён паспеў атакаваць яшчэ двух матацыклістаў. Ён быў дастаўлены ў шпіталь, а потым арыштаваны. Затрыманым апынуўся 17-гадовы хлопец з Латвіі, які жыў у Флумсе і навучаўся ў прафесійнай школе.
ВЧ, belsat.eu паводле apnews.com