У рэдакцыю «Народнай Волі» прыйшлі невядомыя і забралі ўвесь наклад


У рэдакцыю «Народнай Волі» 13 лістапада прыйшлі невядомыя і канфіскавалі наклад.

Пра гэта паведаміла журналістка выдання Марына Коктыш у Facebok.

«У нас забралі ўвесь наклад газеты. Учора ў нашай друкарні былі вялікія праблемы. Ім пагражалі, каб яны не друкавалі нашу газету. Нягледзячы ні на што, тыраж надрукавалі. Мы яго даставілі ў Менск», – распавяла «Белсату» Марына Коктыш.

Але як толькі машына прывезла ўвесь наклад сённяшняга нумара «Народнай волі» – 25 тысяч, у рэдакцыю з’явілася некалькі чалавек у цывільным.

«Яны не прадставіліся, не далі ніякіх папераў, ніякіх тлумачэнняў. Затрымалі кіроўцу, які прывёз наклад – таксама без усялякіх падставаў. Затрымалі двух валанцёраў. Выклікалі АМАП, і АМАП пагрузіў без усялякіх папераў, без усялякіх падставаў, без усялякіх тлумачэнняў усе газеты, што мы надрукавалі, і звезлі ў невядомым кірунку. У нашай краіне закон больш не працуе. Мы нават не ведаем, хто гэта», – распавяла Марына Коктыш.

 

Газету «Народная воля», як і яшчэ тры недзяржаўных друкаваных выданні – «БелГазету», «Комсомольскую правду в Беларуси» і «Свабодныя навіны плюс» – з трэцяй дэкады жніўня не друкуе дзяржаўная друкарня «Беларускі дом друку» (фармальная прычына – паломка абсталявання), не распаўсюджваюць па падпісцы і ў розніцу «Белпошта» і «Белсаюздрук», таксама якія належаць дзяржаве, нагадвае «БАЖ».

Нядаўна з вобшукам прышлі ў «Газету Слонімскую», канфіскавалі тэхніку, наклад не выйшаў.

AB, belsat.eu

Стужка навінаў