У Расеі арыштавалі журналіста «Белсату». Ён «махаў рукамі»


Аляксандр Савельеў – журналіст і грамадскі актывіст з Краснадару. Фота з «Фэйсбука»

Краснадарскага актывіста і журналіста «Белсату» Аляксандра Савельева мясцовы суд прызнаў вінаватым у дробным хуліганстве і арыштаваў на сем сутак.

6 верасня а 7-й раніцы Савельева затрымалі каля краснадарскага штабу Аляксея Навальнага. У судзе паліцыянты заявілі, што наш калега махаў рукамі, гучна лаяўся і не рэагаваў на заўвагі мінакоў.

Апроч журналісцкай дзейнасці, Савельеў займаецца аховай прыроды ў Экалагічнай вахце па Паўночным Каўказе і звязаны са штабам Аляксея Навальнага.

Акрамя Аляксандра Савельева, учора ў Краснадары затрымалі і асудзілі на суткі яшчэ чацвярых грамадскіх актывістаў. Паводле Экавахты, у горадзе ладзіцца супольная аперацыя ФСБ і паліцыя пад назвай «Татальны рэжым». Арышты маюць на мэце сарваць прымеркаваны на 9 верасня мітынг супраць пенсійнай рэформы, які маюць намер правесці актывісты штаба Навальнага.

Чытачам «Белсату» Савельеў найбольш вядомы па расследаванні будаўніцтва лецішча расейскага прэм’ер-міністра Дзмітрыя Мядзведзева на беразе Чорнага мора: падчас працы актывістаў «Экавахты» на іх напалі невядомыя і збілі.

ДД

Стужка навінаў