У Расеі абмяркоўваюць, на якіх умовах пастаўляць нафту ў Беларусь

Аляксандр Дзюкаў, кіраўнік расейскай кампаніі «Газпром нефть» заявіў, што яго кампанія гатовая абмяркоўваць з Беларуссю розныя схемы паставак нафты, піша БелТА.

Па выніках сустрэчы прадстаўнікоў нафтавых кампаніяў з Міністрам энергетыкі Расеі Аляксандрам Новакам, Аляксандр Дзюкаў, кіраўнік «Газпром нефть», заявіў, што яго кампанія гатовая абмяркоўваць розныя схемы паставак нафты ў Беларусь. Пры гэтым ён адзначыў, што кампанія гатовая дамаўляцца і на давальніцкую схему паставак.

Што гэта вызначае? Адзін бок дае сыравіну, другі бок вырабляе з яе гатовую прадукцыю. Але як сыравіна, гэтак і канчатковы прадукт належаць давальніку.

Ва ўрадзе Беларусі 12 лютага агучылі, што да гэтага часу наша краіна не мае падпісаных дамоваў на пастаўку нафты. Дамоўленасцяў з Расеяй таксама няма. 7 лютага Аляксандр Лукашэнка сустракаўся ў Сочы з Уладзімірам Пуціным. Па выніках перамоваў намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Расеі Дзмітрый Козак заявіў, што Масква будзе спрыяць дасягненню камерцыйных дамоўленасцяў паміж спажыўцамі ў Беларусі і расейскімі нафтавымі кампаніямі, аднак адміністрацыйна рэгуляваць кошты не збіраецца.

Раней Аляксандр Лукашэнка даручыў вывучыць магчымасць паставак нафты з іншых краінаў. 14 студзеня віцэ-прэм’ер Беларусі Дзмітрый Круты паведаміў, што Беларуская нафтавая кампанія (БНК) разаслала камерцыйныя прапановы па набыцці нафты ў Польшчу, краіны Балтыі, Украіну, Азербайджан і Казахстан.

Момант ісціны. Ці спыняць Лукашэнка і Пуцін нафтавыя, газавыя ды прадуктовыя войны?

СК belsat.eu

Hавiны