У Нямеччыне абралі пераемніка Мэркель на пасадзе лідара партыі


Анэгрэт Крамп-Карэнбаўэр абрана новым старшынёй нямецкай партыі Хрысціянска-дэмакратычны саюз. ​​Яе кандыдатуру падтрымала большасць дэлегатаў з’езда.

За Крамп-Карэнбаўэр, якая лічыцца бліжэйшай паплечніцай Ангелы Мэркель, прагаласавалі 517 дэлегатаў (51,75%). Яе супернік Фрыдрых Мэрц атрымаў 482 галасы (48,25%)

«Мы павінны заставацца згуртаванымі дзеля мэты, якая нас усіх абʼядноўвае. Я прымаю вынікі галасавання», – адзначыла Анэгрэт Крамп-Карэнбаўэр.

Мэрц, які вярнуўся ў палітыку толькі некалькі тыдняў таму пасля шматгадовай паўзы, са свайго боку заявіў, што «працягне аказваць падтрыманне сваёй партыі».

На думку палітолагаў і экспертаў, 56-гадовая Крамп-Карэнбаўэр зʼяўляецца пратэжэ Мэркель, палітыкам, які абсалютна лаяльны дзейснаму канцлеру. Менавіта Мэркель летась паспрыяла імкліваму росту яе карʼеры – палітык была вылучана на пасаду генеральнага сакратара ХДС.

Пры гэтым Крамп-Карэнбаўэр спрабуе прадэманстраваць, што яна ніякім чынам не капіюе Мэркель.

«У мяне ўласны палітычны стыль і ўласная біяграфія. З іншага боку, я і не буду штучна дыстанцыявацца ад тых пытанняў, па якіх я падзяляю меркаванне Ангелы Мэркель», – сказала яна.

Ангела Мэркель займала пасаду старшыні ХДС на працягу апошніх 18 гадоў. Яна зʼяўляецца першай і пакуль адзінай жанчынай, якая стала канцлерам Нямеччыны. Восем гадоў запар Forbes называў Мэркель «самай уплывовай жанчынай у свеце». Пра свой сыход з пасады кіраўніка ХДС палітык абвесціла напрыканцы кастрычніка.

Hавiны
Ангела Мэркель больш не хоча быць канцлерам Нямеччыны
2018.10.29 15:52

СК, belsat.eu

Стужка навінаў