У Менску замежны студэнт скраў $ 74 тысячы

У Менску 21-гадоваму замежнаму студэнту высунулі абвінавачванне паводле ч.4 арт.206 (рабаванне ў асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэкса. Паводле праваахоўнікаў, ён скраў у знаёмага $ 74 тысячы.

Паводле следства, у канцы 2019 года да 21-гадовага замежнага студэнта звярнуўся ягоны 20-гадовы знаёмы (суайчыннік і сусед па інтэрнаце) з просьбай дапамагчы купіць кватэру ў Менску, бо сам ён не мог гэта зрабіць праз няведанне мовы. Хлопец пагадзіўся.

«Напярэдадні Новага года малады чалавек падвёз прыяцеля ў банк для атрымання ім буйнога грашовага пераводу на куплю кватэры. На зваротным шляху ён прапанаваў пакласці грошы ў бардачок машыны для захаванасці. А калі грошы апынуліся ў бардачку, кіроўца спыніўся і папрасіў дапамагчы перанесці некаторыя рэчы ў багажнік аўтамабіля. Як толькі пацярпелы выйшаў з машыны, іншаземец зʼехаў у невядомым напрамку», – паведамляе телеграм-канал прэс-сакратаркі МУС Вольгі Чамаданавай.

Скрадзеныя грошы. Фота – t.me/skgovby

Неўзабаве студэнта затрымала міліцыя. Ён распавёў праваахоўнікам, што грошы схаваў у лесе.

«У далейшым ён збіраўся выдаткаваць іх на дзяўчат, казіно і куплю новага аўто», – адзначаюць у МУС.

21-гадоваму студэнту высунутае абвінавачванне па ч.4 ст.206 (рабаванне ў асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэкса.

Абвінавачанага ўзялі пад варту. Таксама накладзены арышт на маёмасць на агульную кошт больш за 30 тысяч беларускіх рублёў, адзначаюць у Следчым камітэце.

ІІ belsat.eu

Hавiны