На каменным плоце, які знаходзіцца ў двары жылых дамоў паміж вуліцамі Карла Маркса, Валадарскага ды праспектам Незалежнасці ў Менску (у народзе сцяна Шчоткінай), зʼявіўся плакат з выяваю бараны і надпісам: «Барані сваё. Свабоду Святаславу Барановічу».
12 сакавіка Маскоўскі раёны суд Менску прызнаў Святаслава Барановіча вінаватым у «гвалце ў дачыненні да працаўніка органаў унутраных справаў» і прысудзіў да трох гадоў зняволення ў калоніі агульнага рэжыму.
Летась 15-га сакавіка Святаслаў Барановіч бараніў прадстаўнікоў анархісцкага руху ад міліцыянтаў у цывільным, якія напалі на маладзёнаў у тралейбусе на плошчы Бангалор пасля акцыі недармаедаў. Пры гэтым, як распавядае сам Барановіч, ён нанёс некалькі ўдараў невядомым асобам у чорным без апазнавальных знакаў.
Раней за ўдзел у Плошчы-2010 Святаслава Барановіча прысудзілі да трох гадоў «хатняй хіміі».
ЮВ, belsat.eu