У Менску судзілі валанцёрак, якіх затрымалі, калі яны кармілі бесхацінцаў


У судзе Кастрычніцкага раёну Менску разгледзелі справы ў дачыненні да валанцёрак «Вулічнай медыцыны» Кацярыны Радчанка і Таццяны Лабазы. Валанцёрак абвінавацілі ў несанкцыянаванай акцыі, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».

Карыну Радчанка і Таццяну Лабазу затрымалі 23 студзеня, у Менску ў Міхайлаўскім скверы. Валацёркі разам з актывістамі ініцыятывы «Ежа замест бомбаў» бясплатна раздавалі ежу і аказвалі медычную дапамогу людзям, якія жывуць у нястачы. Міліцыянты затрымалі не толькі валанцёраў, але нават і людзей, якія прыйшлі падтрымаць ініцыятыву.

На судзе сведка-міліцыянт распавёў, што затрымаў валанцёраў за тое, што «яны ўдзельнічаюць у мітынгу, бо кармілі бесхацінцаў, знаходзячыся з каструлямі». Міліцыянт распавёў, што не бачыў сімволікі і не бачыў, што валанцёркі аказваюць медычную дапамогу, не чуў ён таксама і лозунгаў.

Але суддзя суду Кастрычніцкага раёна Менску Алена Жывіца прысудзіла Карыне Радчанка 15 дзён адміністрацыйнага арышту. Справу Таццяны Лабазы суддзя адправіла на дапрацаванне.

Пасля дапрацавання пратаколу Таццяну Лабазу асудзілі на 15 дзён адміністрацыйнага арышту.

Чатыром актывістам ініцыятывы «Ежа замест бомбаў» прысудзілі 15 содняў арышту. Справы яшчэ дваіх адправілі на дапрацаванне, але яны застануцца да суда за кратамі. Паводле пратаколу, валанцёры «удзельнічалі ў пікеце, выкрыквалі «Жыве Беларусь» пакуль раздавалі «неўстаноўленае харчаванне».

Абноўлена
У Беларусі праходзяць дваравыя маршы і акцыі салідарнасці. Хроніка дня
2021.01.23 11:44

СК belsat.eu

Стужка навінаў