У Менску прыдумалі, што рабіць з каляднымі ялінкамі пасля святаў


Упершыню святочныя дрэўцы ў сталіцы будуць утылізаваць па-новаму і з карысцю.

Навагодняя ялінка, 2019.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Найбуйнейшы менскі аператар па вывазе адкідаў «Спецкамунаўтранс» збіраецца ад сёлета выкарыстоўваць ялінкі як паліва.

«У кожным ЖЭСе ўжо вызначаныя месцы, дзе жыхары будуць складваць ялінкі. Калі ЖЭС дасць нам заяўку, мы будзем прыязджаць у гэтыя месцы, забіраць дрэўцы і адвозіць іх на смеццеперапрацоўчы завод. У нас там ёсць кацельная, дзе мы палім дровамі. Зараз не будзем марнаваць грошы – будзем паліць ялінкамі. Мы ўжо атрымалі на гэта дазвол», – распавялі «Белсату» у аддзеле эксплуатацыі «Спецкамунаўтатрансу».

На прадпрыемстве дадаюць, што ў адным толькі Завадскім раёне будзе каля 70 месцаў збору ялінак.

Hавiны
Колькі каштуе Новы год? Упрыгожваем ялінку танна і дорага
2019.12.25 21:03

Другі аператар па вывазе адкідаў, «Remondis», які працуе ў Маскоўскім, Фрунзенскім і Кастрычніцкім раёнах Менску, плануе драбіць ялінкі на паліўную трэску, кампост і мульчу.

Дырэктар прадпрыемства Эрвін Куртбэдзінаў распавёў, што пытанне пачалі абмяркоўваць мінулай зімой, але тады кампанія не была да гэтага гатовая.

«На той момант у нас не было скончанай канцэпцыі, усё рабілася па-старому праз тое, што не было аб’ектаў па ўтылізацыі. Разам з буйнагабарытнымі адходамі ўсё адпраўлялася на палігоны. Гэта прыкладна 200 тонаў сыравіны, або 30–40 тыс. навагодніх ялінак», – заявіў Куртбэдзінаў.

Паводле падлікаў «Камсамольскай праўды», 30 тысячаў спаленых ялінак вышынёй 1,5 м і таўшчынёю ствала 6 см маглі б даць 430 Гкал цяпла. Згодна з тарыфамі, зацверджанымі летась Саветам міністраў, гэта амаль Br 40 000.

Hавiны
Хто лепшы? Навагоднія ялінкі ў Беларусі, у суседзяў і ў свеце
2019.12.28 13:24

Без галінак і без мішуры

У «Remondis» кажуць, што адмысловыя машыны будуць збіраць ялінкі 19 і 26 студзеня: у кампаніі заўважылі, што менавіта ў апошнія дзве нядзелі месяца людзі выкідаюць ялінкі найчасцей.

Каб не загрувашчваць месцы збору, кампанія просіць выносіць дрэвы на кантэйнерныя пляцоўкі за дзень да гэтых датаў, а таксама здымаць з іх упрыгожванні і мішуру ды не складваць ялінкі каля пад’ездаў у мэтах забеспячэння пажарнай бяспекі.

Эколагі пазітыўна ацэньваюць крок камунальнікаў. «Мы даўно кажам, што павінная быць сістэма вывазу навагодніх елак – гэткая, як у многіх еўрапейскіх гарадах. Думаю, з часам у нас таксама гэта з’явіцца», – кажа «Белсату» дырэктар Цэнтру экалагічных рашэнняў Яўген Лабанаў.

Спецыяліст раіць не выкідаць ялінку ў смеццеправод, а таксама адпілоўваць у дрэўцаў галінкі, каб смеццявоз не вазіў паветра.

«Калі ёсць лецішча або калі яно ёсць у суседзяў, дрэўца можна распілаваць і потым выкарыстаць у якасці паліва», – рэкамендуе Лабанаў.

У мінулыя зімы святочныя дрэвы з Менску вывозілі на палігоны адкідаў і закопвалі. Падчас раскладання без доступу кіслароду двухметровая ялінка выкіне ў атмасферу 16 кілаграмаў дыякісду вугляроду – столькі вуглякіслага газу выкідваюць падчас вытворчасці 160 папяровых кубачкаў, кажуць эколагі.

Фота
Ліхтары, мядзведзі ды пластыкавыя ялінкі. Новы год па-гарадзенску
2019.12.23 17:49

Горадня – ялінкавая сталіца краіны

27 снежня Мінлясгас падаваў, што па ўсёй краіне прадалі 67 160 дрэўцаў (пакуль мы чакаем на каментар ведамства па актуальных лічбах). Самыя актыўныя пакупнікі калядных ялінак – жыхары Гарадзеншчыны, якія купілі амаль кожную трэцяю беларускую елку ці сасну.

Адным з найбольш экалагічных спосабаў пазбавіцца ялінкі для гарадзенцаў калісьці было прынесці яе ў мясцовы заапарк. Але там ўжо даўно не прымаюць ялінак ад прыватных асобаў: дрэўцы, якія пастаялі ў цяпле, хутка асыпаюцца і не пасуюць на корм жывёле або для таго, каб паслаць бярлогі мядзведзяў, кажа «Белсату» намеснік дырэктара Гарадзенскага заапарку Цімафей Чупракоў.

«Ялінкі мы выкарыстоўваем не толькі як дэкарацыі, але і як узбагачэнне асяроддзя і як корм – для птушак і дробных млекакормячых, перадусім грызуноў. Іншыя жывёліны ялінку не ядуць. Патрэбы ў ялінках ад насельніцтва мы не маем, бо яны не могуць быць выкарыстаныя як мае быць», – дадае Чупракоў.

Цяпер патрэбныя ялінкі заапарк нарыхтоўвае самастойна або прымае дапамогу ад арганізацыяў, якія не распрадалі дрэўцы падчас ёлачных кірмашоў.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў