У Менску прэзентавалі ўкраінскі тэлеканал UATV


Амбасадар Украіны Ігар Кізім

Чатырохгадовыя намаганні афіцыйнага Кіеву распачаць рэтрансляцыю ўкраінскага тэлеканалу ў Беларусі завяршыліся поспехам. Канал UATV у рэестры дазволеных для трансляцыі, і некаторыя кабельныя аператары яго ўжо транслююць, але наперадзе яшчэ немалая праца, каб беларускія гледачы ў сваёй большасці даведаліся пра канал.

«Самае цяжкае – зрабіць першы крок. І я вельмі ўсцешаны, што гэты крок у нас атрымаўся. Шмат хто з нас, асабліва журналісты, разумеюць, наколькі гэта важна для разумення таго, што зараз адбываецца ва Украіне. Уся інфармацыя, якая трапляе ў беларускую медыйную прастору, успрымалася праз прызму вайны з Расеяй. Многае падавалася ў скажоным выглядзе а-ля перадач Салаўёва. Я вельмі рады, што ў беларускага телегледача з’явілася магчымасць глядзець альтэрнатыўную інфармацыю пра падзеі ва Украіне», – адзначыў амбасадар Украіны Ігар Кізім.

Амбасадар Украіны Ігар Кізім і дырэктар тэлеканала UATV Людміла Беразоўская

Перад гасцямі імпрэзы таксама выступалі дырэктар тэлеканала UATV Людміла Беразоўская, дзяржсакратар Міністэрства інфармацыйнай палітыкі Украіны Арцём Бідэнка, начальнік Упраўлення электронных СМІ і інтэрнэт рэсурсаў беларускага міністэрства інфармацыі Уладзімір Рабаволаў. З вітальнымі словамі прамаўлялі, ды адказвалі на пытанні дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім, кіраўнік ЗАО «Эфір» Сяргей Офган. У перапынках гучалі ўкраінскія песні ў выкананні ансамбля «Крыніца».

«Не можа такога быць, каб у нашай братняй краіне не было нашага тэлебачання. І вось намаганнямі дыпламатаў і чыноўнікаў праз чатыры гады мы атрымалі магчымасць трансляваць украінскі канал UATV. Інфармацыя канала ўзважаная, неканфліктная, але вельмі важна, што яна дае праўдзівае прадстаўленне пра Украіну», – сказаў у сваім выступе Арцём Бідэнка.

Дзяржсакратар Міністэрства інфармацыйнай палітыкі Украіны Арцём Бідэнка
Начальнік Упраўлення электронных СМІ і інтэрнэт рэсурсаў беларускага міністэрства інфармацыі Уладзімір Рабаволаў

«Дадатковая інфармацыя пра культуру і нацыянальныя каштоўнасці Украіны будзе вельмі цікавая нашым гледачам. Спадзяюся, што ўкраінскі канал будзе спрыяць пашырэнню эканамічных сувязяў паміж рэгіёнамі Беларусі і Украіны», – адзначыў Уладзімір Рабаволаў.

Паводле Людмілы Беразоўскай, UATV з’яўляецца міжнародным каналам. У Беларусі будзе транслявацца на расейскай мове. Канал мае невялічкі навінны блок на 10 хвілін. Асноўны час вяшчання займаюць гістарычныя праграмы, мода, спорт, культура. Дырэктарка канала адзначыла, што разумее важнасць вяшчання тэлеканалу на беларускай мове і разлічвае, што ў перспектыве будзе створана гукавая дарожка, каб беларускі спажывец змог абраць для сябе мову вяшчання.

Людміла Беразоўская

Толькі знайсці канал у тэлевізары будзе не так лёгка. Хаця 20 кабельных аператараў пагадзіліся ўзяць у сваю сетку ўкраінскі канал і каля 10-ці ўжо яго транслююць (асабліва запатрабаваны канал у памежных рэгіёнах Гомельшчыны і Берасцейшчыны). Але самыя буйныя кабельныя аператары Белтэлекам, МТІС і «Космас-ТВ» не спяшаюцца з запускам UATV у свае сеткі. Фармальная прычына ад Белтэлекама – не падрыхтаваны пакет «Иновещание». Як адзначыў пасол Украіны, «У Белтэлекаме ідуць працэсы, якія не дазваляюць уключыць UATV проста зараз». Тым больш няма мовы пра ўключэнне украінскага канала ў агульны, так званы сацыяльны пакет, бо каб туды трапіць, фармальна патрэбна каб у канала было 30 % кантэнту беларускай вытворчасці.

АЛ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары