3 верасня на пляцоўцы Нацыянальнага мастацкага музею прайшла прэзентацыя новай формы зборнай Беларусі па футболе – супольны праект футбольнай федэрацыі і італьянскай кампаніі «Macron».
Адкрыў прэзентацыю вядомы этна-электронны гурт «Shuma».
Пад барабанны акампанемент Хведара Грувіча і ў суправаджэнні людзей на хадулях з’явіліся гульцы нацыянальнай каманды. Сарока, Стасевіч, Чэрнік, Маеўскі і Мартыновіч прадставілі новую форму: чырвоны колер для хатніх гульняў і белы для гасцявых. Брамнікі будуць гуляць у зялёнай.
«Форма выглядае нядрэнна і стылёва. Але галоўнае, каб яна прыносіла вынік. Спрабуем яе на гульні з Сан-Марына», – кажа Аляксандр Гутар, футбаліст берасцейскага «Дынама».
Пасля, здаецца, сотні сэлфі і аўтографаў нацыянальная каманда падзякавала заўзятарам і разышлася па аўтамабілях.
Бліжэйшы матч беларускай зборнай адбудзецца 8 верасня. Нашыя футбалісты гуляюць са зборнай Сан-Марына. Перад матчам адбудзецца прэзентацыя талісмана нацыянальнай футбольнай зборнай.