У Менску запускаецца пілотны праект, які дазволіць аплачваць праезд у наземным транспарце з дапамогай банкаўскіх бескантактавых картак. З 23 траўня тэхналогіяй можна будзе скарыстацца на трамвайным маршруце № 6, які курсуе паміж Серабранкай і Зялёным Лугам.
Праект раэлізуе «БПС-Сбербанк», але плаціць за праезд можна будзе карткай любога банку плацежных сістэм Visa, Mastercard і Белкарт. Таксама можна будзе разлічыцца з дапамогай смартфона, бірулек, гадзіннікаў і іншых мабільных прылад з падтрыманнем тэхналогіі NFC.
Пры паспяховай рэалізацыі пілотнага праекту БПС-Сбербанк плануе распаўсюдзіць сэрвіс на ўвесь грамадскі транспарт Менску.
Каб заплаціць за праезд, неабходна будзе паднесці карту да валідатара, дачакацца гукавога сігналу і тэкставага паведамлення. Кошт разавага праезду роўны 60 капеек. Падчас кантролю трэба будзе паднесці да тэрмінала банкаўскую картку, пасля чаго на ім адлюструецца інфармацыя пра разлік за праезд у канкрэтным транспартным сродку.
У БПС-Сбербанку паведамілі, што ўкараненне сэрвісу не запатрабавала дадатковых асігнаванняў з гарадскога бюджэту. Раней БПС-Сбербанк рэалізаваў сэрвіс бескантактавай аплаты на турнікетах усіх станцый метро.
МГ belsat.eu