26 жніўня ў сталічным Кіеўскім скверы прайшоў новы пікет супраць змянення закону пра адтэрмінаванне ад вайсковай службы.
Пікет быў заяўлены на дзесяць чалавек, але фактычна ў ім удзельнічаў толькі адзін хлопец прызыўнога веку. Ён трымаў у руках плакат пра важнасць навучання ў магістратуры.
Таксама падчас пікету да яго падышлі некалькі маладых людзей, якія падпісалі петыцыю супраць зменаў закону.
«Закон датычыць непасрэдна мяне, бо зараз я вучуся ў магістратуры, а на наступны год планаваў паступаць у аспірантуру», – адзначыў адзіны ўдзельнік пікету.
За паслугі хуткай і міліцыі, якія стаялі побач, хлопец заплаціць каля 100 рублёў. Менавіта столькі каштуе 15 хвілін пікету.
Акцыі праходзяць у межах кампаніі «Вучоба важней». Іх удзельнікі выступаюць за тое, каб прадстаўлялася адтэрміноўка на кожную ступень адукацыі. Такім чынам яны хочуць захаваць бесперапыннасць адукацыі.
МГ belsat.eu