У Менску будуць менш будаваць жытла. Ці стане яно з-за гэтага даражэйшае?


Кожны год, асабліва пасля II Еўрапейскіх гульняў, у Менску ўзмоцнена будуць скарачаць аб’ёмы будаўніцтва жытла і выносіць яго ў гарады-спадарожнікі. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 11 сакавіка, прымаючы з дакладам старшыню Менгарвыканкама Анатоля Сівака, паведамляе БелТА.

Ён адзначыў, што і так больш за 20% насельніцтва краіны жыве ў Менску. «Далей нельга», – падкрэсліў Лукашэнка, дадаўшы, што паміж гарадамі-спадарожнікамі і сталіцай павінна быць добрая транспартная сувязь, а ў іх мусяць стварацца працоўныя месцы.

У якасці важнага фактару Аляксандр Лукашэнка назваў цану будаўніцтва. Пры гэтым ён пахваліў эксперымент па ўзвядзенні жытла з абмежаваным прыбыткам у 5 %.

Hавiны
Дзяржава мае намер забраць даўгабуды ў забудоўнікаў
2019.03.11 10:34

«Чаму мы павінны мець справу з рознага роду, я іх груба называю жулікамі, інакш іх і не назавеш, якія шкуру дзяруць з людзей», – сказаў кіраўнік дзяржавы, даручыўшы вывучыць гэты досвед, каб мець магчымасць распаўсюдзіць яго на ўсю Беларусь.

Як адзначыў у каментары Belsat.eu аналітык парталу Realt.by Арцём Сахарэвіч, у Менску апошнія гады і так ужо скарачаецца будаўніцтва жытла. Гэтак, калі некалькі гадоў да 2015 году ў Менску штогод уводзілі больш за 1 млн квадратных метраў, дык, пачынаючы з 2016-га, гэтая планка ўпала спачатку да 780 тыс., а апошнія два гады ўводзілася толькі 720 тыс. квадратных метраў.

Hавiны
Кватэрнае пытанне ў СССР і ў сучаснай Беларусі. Калі прасцей атрымлівалі жытло?
2019.02.08 17:57

«Для гораду такога маштабу, як Менск, напэўна, гэта трошкі малавата. І ў сувязі з гэтым далейшае скарачэнне планаў па ўводзе жытла адлюструецца, безумоўна, на коштах. Гэты фактар дакладна не дасць цане квадратнага метру апускацца. А калі дэфіцыт навабудаў будзе моцным, то можа выклікаць і рост цэнаў», – мяркуе суразмоўца.

Эксперт таксама не выключае, што частка забудоўнікаў сапраўды можа сысці ў прыгарады, каб развіваць прыгараднае будаўніцтва. Паводле яго, у Менскай вобласці і так ужо некалькі гадоў жытла будуюць больш, чым у Менску – у асноўным у Менскім, Дзяржынскім і Смалявіцкім раёнах. Пры гэтым аналітык падкрэсліў, што падобная тэндэнцыя назіраецца і ў суседніх краінах. Гэтак, у Кіеўскай вобласці Украіны жытла будуецца больш, чым у Кіеве, а ў Маскоўскай вобласці Расеі яго ўзводзяць ажно ў 2,5 разы больш, чым у Маскве.

І, мяркуе Арцём Сахарэвіч, такія працэсы непазбежныя, бо Менску штогод усё складаней знаходзіць новыя плошчы пад будаўніцтва.

МГ / belsat.eu

Стужка навінаў