Кватэрнае пытанне ў СССР і ў сучаснай Беларусі. Калі прасцей атрымлівалі жытло?


У дыскусіях пра савецкае мінулае часта згадваецца лёгкасць, з якой можна было атрымаць кватэру ў СССР. Мы вырашылі параўнаць: калі было прасцей вырашыць кватэрнае пытанне – у савецкі час або цяпер?

СССР: хочаш атрымаць кватэру – уладкоўвайся на завод

З 1958 года ў СССР было дазволена ствараць жыллёва-будаўнічыя кааператывы, каб будаваць кватэры. Цана кватэры залежала ад агульнага кошту праекту, а плошча і колькасць пакояў – ад існуючых нарматываў (у 70-я гады 7 кв.м. на чалавека, у 80-я – 9 кв.м.). Нават калі ў сям’і былі грошы на большую кватэру, купіць яе было немагчыма. Дарэчы, улічвалі толькі жылую плошчу – без кухні, санвузла і калідора. Адсюль і існуюць маленькія савецкія кухні. А вось навукоўцам, архітэктарам і сябрам творчых саюзаў давалі дадатковае памяшканне «для кабінету».

Жыллёвы кааператыў ствараўся на прадпрыемстве ці ў горадзе. Чальцы плацілі ўступны пай у памеры траціны кошту кватэры (часам і 40-50%). На рэшту прадпрыемства ці дзяржава давалі растэрміноўку пад 2-3% гадавых.

Да 1983 году квадратны метр каштаваў у сярэднім 250 рублёў. То бок, аднапакаёўка ў 18 кв.м абыходзілася ў 4500 рублёў, двухпакаёўка ў 30 кв. м – 7500 рублёў, а трохпакаёўка (44 метры) – у 11 тысяч. У 1980 годзе сярэдні заробак складаў 169 рублёў – малады спецыяліст меў 65-130 рублёў, а першы сакратар абкаму КПСС – 450 руб. Таму ў кааператывах звычайна былі сталыя людзі, бо моладзь не магла заплаціць такія грошы.

Hавiны
Кошты на кватэры ў сталіцы выраслі да паказнікаў 2016 году
2018.12.17 17:12

З членаў кааператыва стваралася чарга на атрыманне жылля, паміж якой і размяркоўваліся кватэры па сканчэнні будаўніцтва. Але нават пасля гэтага кватэра не станавілася цалкам уласнасцю жыхара. Прадаць яе можна было толькі членам кааператыва і толькі па рашэнні агульнага сходу.

Кааператыўнае будаўніцтва складала ўсяго 7-10%, была вялікая чарга з жадаючых трапіць у спісы. Існавала асобная чарга на ведамаснае ці выканкамаўскае жыллё. Сямʼя мусіла мець патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Выдавалі такія кватэры супрацоўнікам буйных прадпрыемстваў, Героям СССР, матулям-гераіням, заслужаным работнікам мастацтва і г.д.

Прадпрыемства будавалі за свой кошт жыллё для працаўнікоў. У буйным горадзе ці ў невялікіх арганізацыях атрымаць кватэру было цяжка, часам яе чакалі па 15-20 гадоў. Але на перыферыі, асабліва пры будаўніцтве новага прадпрыемства, можна было атрымаць кватэру нават за некалькі месяцаў. Што праўда, знайсці там іншую працу было складана і чалавека фактычна прывязвалі кватэрай да працы.

Hавiны
31 год у чарзе. Споведзь гарадзенкі, якая не дачакалася кватэры ад дзяржавы
2018.11.06 10:44

Абмен кватэры ў СССР: праз маклера і з даплатай

Атрымаць жыллё ў спадчыну ад бацькоў можна было толькі, калі вы былі ў ім прапісаныя. А ад існуючага жылля трэба было адмовіцца. Існавала схема: сямʼя разводзілася і прапісвалася да састарэлых сваякоў – каб пасля іх смерці стаць уладальнікам жылля.

Існавала яшчэ службовае жыллё для вайскоўцаў і работнікаў ЖЭСаў. Праз дзесяць гадоў працы кватэра пераходзіла ў іх уласнасць. Таму супрацоўнікаў стараліся перасяляць з кватэры на кватэру.

Хоць у СССР не віталі свабоднае абарачэнне жылля, існавалі «адносна сумленныя» спосабы купіць кватэру пад выглядам абмену. Пакоі мянялі на аднапакаёвыя кватэры, аднапакаёвыя – на «двушкі» і г.д. Абʼявы шукалі ў газетах. У сярэднім прасілі даплату ў 200-500 руб. за квадратны метр. Доўгія ланцужкі па абмене складалі чорныя маклеры. Яны ж зводзілі тых, хто хацеў змяніць месца жыхарства. За адну здзелку маклер браў ад 200 да 800 руб. За абмен правінцыйнай кватэры на сталічную прасілі яшчэ адзін яе кошт. Асобна трэба было заплаціць і за прапіску.

Hавiны
Самыя дарагія кватэры ў Менску. За што хочуць $1 млн і нават больш?
2018.09.21 10:59

Як дзяржаўныя кватэры сталі арэнднымі

Магчымасць прыватызацыі кватэр у Беларусі дазволіла вырашыць адразу некалькі праблем, якія існавалі ў СССР: зніклі праблемы з атрыманнем жылля ў спадчыну і з яго продажам. Як адзначыў у каментары Belsat.eu старшыня рады Беларускай асацыяцыі «Нерухомасць» Мікалай Прасталупаў, калі ў савецкія часы можна было прадаваць толькі кааператыўныя кватэры, «зараз усё, што ў прыватнай уласнасці, прадаеш направа і налева».

«Гэта як на Камароўку, прыходзіш, і там альбо ляжыць адна дыня, альбо стаіць грузавік з дынямі», – адзначыў ён.

Цяпер не трэба прапісвацца да бацькоў, каб атрымаць кватэру ў спадчыну. А ў выпадках, калі ў памерлага няма ні блізкіх сваякоў, ні тастаменту, маёмасць могуць атрымаць нават далёкія родныя. Праўда, з кватэрай на іх пяройдуць і даўгі, у тым ліку па крэдытах, калі такія ёсць.

Станам на чэрвень 2016 года ў Беларусі не прыватызаваныя кватэры складалі каля 4% ад усяго жылога фонду. З 1 ліпеня 2016-га іх перавялі ў арэнднае жыллё. Першыя арэндныя дамы ў Беларусі пачалі будаваць у 2012 годзе, але потым праграму згарнулі. За шэсць год увялі толькі 745 тыс. кв. м. такога жылля (2,5% ад агульнага абʼёму). Толькі ў Менску на адну арэндную кватэру прэтэндуюць больш за 150 семʼяў. Для параўнання, у Нямеччыне арэнднае жыллё складае 58%, у Швейцарыі – 71%.

Hавiны
Менгарвыканкам бясплатна атрымаў ад забудоўнікаў больш за 500 кватэраў, але не засяляе туды людзей
2018.12.07 15:26

Стаяць у чарзе па кватэру ў Менску можна да бясконцасці

Пабудаваць кватэру ў Беларусі даволі цяжка. Такое меркаванне выказаў у каментары Belsat.eu аналітык парталу Realt.by Арцём Сахарэвіч. Ён адзначыў, што ў Менску сярэдні заробак складае толькі прыкладна каля 40% ад цаны квадратнага метра.

«У іншых гарадах краіны сітуацыя трошкі лепш. Для пакупкі аднаго квадратнага метра там патрабуецца ад 50 да 100% заробку. Але ў любым разе формула «квадратны метр адпавядае сярэдняму заробку» працуе толькі для тых, хто будуецца па льготных умовах. Калі казаць пра камерцыйны рынак, які складае большасць усяго жылля ў краіне, то гэта формула не працуе», – адзначыў суразмоўца.

Пра цяжкасці з будаваннем кватэры сведчыць і той факт, што толькі ў Менску ў чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоваў стаіць больш за 200 тыс. чалавек.

«Гэтыя людзі хацелі б палепшыць жыллёвыя ўмовы, але чакаюць нейкай вельмі сурʼёзнай фінансавай палёгкі. На камерцыйных умовах яны не могуць сабе гэтага дазволіць», – мяркуе эксперт.

Стаяць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоваў у Менску можна «ажно да бясконцасці». Што праўда, у рэгіёнах чарга займае ўсяго некалькі гадоў.

Крэдыт у сучасных умовах – не выйсце. З улікам нізкай стаўкі рэфінансавання на ўзроўні 10% стаўка па крэдытах на жыллё – каля 15-17% гадавых.

«Выніковая пераплата атрымаецца двухкротная, а то і трохкротная, калі вы выплаціце ўсе грошы за крэдыт. Ёсць шэраг забудоўшчыкаў, якія прапануюць больш дасяжныя праграмы. Напрыклад, у іх ёсць льготны перыяд, у які вы плаціце 7-10% гадавых, а потым плаціце стаўку рэфінансавання або стаўку рэфінансавання з невялікім працэнтам. Але гэта адзінкавыя забудоўшчыкі», – заявіў Арцём Сахарэвіч.

Па еўрапейскіх мерках беларускія крэдыты вельмі дарагія. Але ў Беларусі пакуль гэта адзін з найлепшых паказчыкаў. Колькі год таму крэдыт на кватэру каштаваў 30-40% гадавых.

«З другога боку, раней браліся крэдыты з разлікам на дэвальвацыю. Зараз жа палітыка Нацбанку больш гнуткая і прадказальная. Таму пытанне: ці больш выгадны крэдыт зараз пад 17% ці пяць год таму – пад 30%», – заявіў суразмоўца.

Па дадзеных «Белстату», з 2011 года абʼёмы будаўніцтва ў Беларусі зніжаюцца – з амаль 7 млн квадратных метраў у 2010 годзе да 3,7 млн у 2017-м. Пры гэтым расце чарга шматдзетных семʼяў, маючых права на паляпшэнне жыллёвых умоваў – за два апошнія гады іх колькасць павялічылася на 8,5 тыс. З іх амаль 7 тыс. чакаюць чаргі больш за тры гады, хоць указам № 13 прадугледжана іх забеспячэнне жыллём цягам аднаго года.

МГ/Belsat.eu

Стужка навінаў