У Менск прыляцелі прадстаўнікі Сенату ЗША, каб «на свае вочы паназіраць за прагрэсам у Беларусі»


Кіраўнік сакратарыята камітэту па міжнародных адносінах Сената ЗША Крыстафэр Соча заявіў, што амерыканскі бок хоча разабрацца, ці варта ўносіць змены ў Акт аб дэмакратыі ў Беларусі. Пра гэта паведамляе «Інтэрфакс-Захад».

«Раней кангрэс ЗША прыняў заканадаўчыя акты [Акт аб дэмакратыі ў Беларусі, які быў прыняты ў 2004 годзе і прадугледжваў увядзенне санкцыяў. – Belsat.eu], якія тычацца тэмы адносінаў з Беларуссю. Адна з прычынаў нашага візіту – на свае вочы паназіраць за прагрэсам у Беларусі, разабрацца, ці патрэбныя абнаўленні ў дадзеных заканадаўчых актах», – сказаў кіраўнік сакратарыята камітэту па міжнародных адносінах Сената ЗША Крыстафэр Соча на сустрэчы з камісіяй па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў Менску.

Hавiны
The Washington Post: спробы Лукашэнкі выратаваць Беларусь ад Пуціна заслугоўваюць падтрымкі
2020.02.12 11:25

У сваю чаргу дэпутат Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных адзначыў, што Менск і Вашынгтон канструктыўна супрацоўнічаюць у галіне бяспекі, адноўлены дыялог у вайсковай сферы, ахове здароўя, сельскай гаспадарцы.

«Як мне ўяўляецца, на фоне гэтых дасягненняў прыйшоў час для наўпроставых кантактаў паміж парламенцкімі структурамі», – дадаў ён.

Савіных прапанаваў амерыканскаму боку «пачаць акуратныя размовы аб магчымых візітах, кантактах, сумесных мерапрыемствах па лініі Кангрэса ЗША і Палаты прадстаўнікоў».

Нагадаем, 1 лютага дзяржсакратар ЗША Майк Пампэа наведаў Менск, дзе правеў перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам.

«Беларусь зрабіла рэальны прагрэс у пытаннях дэмакратызацыі і правоў чалавека, але яшчэ застаецца праца, якую неабходна зрабіць. ЗША вызначае прыярытэтам павагу да правоў чалавека, моцную грамадзянскую супольнасць і свабоду прэсы ў кожным кутку свету. Прагрэс у гэтых сферах – адзіны шлях да зняцця амерыканскіх санкцыяў», – заявіў, у прыватнасці, Пампэа па выніках сустрэчы.

Аб’ектыў
«Правы чалавека – прыярытэт!» Як прайшоў візіт Пампэа ў Менск?
2020.02.01 21:01

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў