«Правы чалавека – прыярытэт!» Як прайшоў візіт Пампэа ў Менск?

Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэа прыляцеў у Беларусь. Кіраўнік амерыканскай дыпламатыі асабіста сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам, Уладзімірам Макеем, а таксама з прадстаўнікамі грамадскіх арганізацыяў. Апрача гэтага дзяржсакратар паспеў завітаць у Парк высокіх тэхналогіяў.

Упершыню падчас кіравання Лукашэнкі дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Амерыкі наведаў Менск і выказаў поўнае падтрыманне незалежнасці нашай краіны.

«Мы разумеем, ваш сусед, у вас доўгая гісторыя [дачыненняў] з Расеяй, мы не хочам, каб вы выбіралі між намі двума», – заявіў Майк Пампэа.

«Пасля рознага кшталту непаразуменняў у адносінах паміж Беларуссю і ЗША, абсалютна беспадстаўных непаразуменняў мінулых уладаў, рызыкнулі прыехаць у Менск», – сцвердзіў Аляксандр Лукашэнка.

Майк Пампэа паразмаўляў і з міністрам замежных справаў Уладзімірам Макеем:

«Злучаныя Штаты хочуць дапамагчы Беларусі будаваць суверэнную краіну. Нашыя вытворцы гатовыя даставіць 100 адсоткаў аб’ёму нафты, які вам неабходны, паводле канкурэнтных цэнаў. Мы найбуйнейшы вытворца энерганосьбітаў у свеце. Усё, што вам трэба, – гэта паклікаць нас».

І хоць амерыканская нафта каштавала б даражэй, чымся расейская, прапанова надзвычай актуальная. З пачатку года расейская кампанія «Транснефть» гэтак і не паставіла ў Беларусь аніводнай тоны нафты. Палітолаг Арсень Сівіцкі, кіраўнік Цэнтру стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў кажа, што з

Амерыкаю таксама не ўсё так проста:

«З прычыны некаторых амерыканскіх санкцыяў беларускія кампаніі не могуць набываць нафту, нафтапрадукты ў амерыканскіх карпарацыяў. З улікам наяўнасці тут узаемных інтарэсаў, відавочна, некаторыя развязкі магчымыя».

Дзяржсакратар даў зразумець, што развязкі магчымыя толькі пры змене стаўлення ўладаў Беларусі да сваіх грамадзянаў:

«Беларусь зрабіла рэальны прагрэс у гэтых пытаннях, але яшчэ трэба працаваць. Для Злучаных Штатаў прыярытэты – павага да правоў чалавека, моцная грамадзянская супольнасць і свабода медыяў у кожным куце свету. Прагрэс у гэтых сферах – адзіная дарога да зняцця санкцыяў ЗША».

Уладзімір Макей сцвердзіў, што згодна з рэкамендацыямі ААН улады распрацавалі нацыянальны план правоў чалавека, які ў Беларусі нават рэалізоўваецца:

«Беларусь, магчыма, не абсалютна ідэальная краіна ў гэтым сэнсе, і мы разумеем, што і мы павінныя рэалізоўваць нейкія рэформы ў гэтай сферы, у тым ліку і ў сферы ўдасканалення правоў чалавека. І мы гэта і робім».

Што праўда, аніякіх канкрэтных дасягненняў Макей не пералічыў. Затое свае падлікі маюць праваабаронцы. Гэтак, за ўдзел у снежаньскіх мірных акцыях пратэсту больш як 170 судоў пакаралі грамадзянаў амаль 130-цю тысячамі штрафу, а 13 чалавек атрымалі агулам 345 содняў арышту.

АГП, Беларуская партыя «Зялёныя», БДСП, Рух «За свабоду!», БХД і БНФ напісалі супольны зварот да Майка Пампэа. На іхную думку, толькі адна справа можа карэнна перамяніць сітуацыю.

«Перамовы з Лукашэнкам, на наш погляд, павінныя ўсё ж увязвацца з правядзеннем сумленных выбараў. Бо 25 гадоў – гэта занадта!», – кажа старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў.

Майк Пампэа сёння паўгадзіны размаўляў з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, у тым ліку са старшынёй Таварыства беларускае мовы. Алена Анісім распавяла:

«Мы падзякавалі за падтрыманне грамадзянскай супольнасці, якое аказвалася, за тую ўвагу, якую ЗША аказваюць пытанню правоў чалавека».

На сустрэчы таксама прысутнічалі старшыня офісу правоў людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі, а таксама праваабаронцы Алесь Бяляцкі і Алег Гулак. Апошнія звярнулі ўвагу на стабільна кепскую сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.

«У нас дыктатура адрозніваецца тым, што ўсе адпачываюць у суботу-нядзелю, а прэзідэнт – працуе!», – заявіў сёння А. Лукашэнка.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама