У Маскве ўвядуць прапускны рэжым

Мэр Масквы Сяргей Сабянін абвесціў, што праз эпідэмію каронавіруса ў расейскай сталіцы з 13 красавіка будзе паступова ўводзіцца прапускны рэжым.

Як паведаміў Сяргей Сабянін, спачатку пропускі ўвядуць для паездак на працу, потым для паездак у іншых мэтах. На завяршальным этапе будзе ўведзены прапускны рэжым для перамяшчэння ўнутры раёну. Аб тэрмінах рэалізацыі кожнага з этапаў мэрыя паведаміць дадаткова. Сабянін назваў прапускны рэжым непазбежным абмежаваннем.

«Прапускная сістэма будзе насіць заяўны характар. Але гарадскія ўлады пакідаюць за сабой права праверыць дакладнасць паведамленых звестак», – падкрэсліў мэр.

У Маскве таксама часова (на тыдзень з магчымым працягам) будзе спыненая праца большасці гарадскіх арганізацыяў. Па словах мэра, працягнуць працаваць толькі «прадпрыемствы бесперапыннага цыклу і жыццёва важныя для функцыянавання гораду», а таксама медычныя арганізацыі, органы ўлады, праваахоўныя органы, фінансавыя структуры, прадпрыемствы сувязі і транспарту, СМІ. Але і яны павінны максімальна перавесці сваіх працаўнікоў на дыстанцыйны рэжым.

Паводле Сабяніна, падобныя меры ўводзяцца праз тое, што эпідэміялагічная сітуацыя ў горадзе стала пагаршацца. «Ідзе хуткі рост цяжкіх хворых з пнеўманіяй. Калі раней у лякарні штодня паступала каля пяцісот чалавек, то сёння – ужо 1 300. Большая частка пацыентаў паступае яшчэ да таго як быў пастаўлены лабараторна дыягназ – каронавірус. Але па клінічнай карціне і прамянёвай дыягностыцы дактары бачаць, што, з высокай доляй верагоднасці – гэта менавіта каронавірус. Нічога добрага такая дынаміка росту захворвання нам не абяцае», – растлумачыў ён.

«У бліжэйшыя дні і тыдні нас чакаюць цяжкія выпрабаванні. Мы павінны назапасіцца цярпеннем і мужнасцю, і максімальна адказна ставіцца да захавання ўстаноўленых правілаў і абмежаванняў», – адзначыў мэр Масквы.

У Беларусі амаль 2000 выпадкаў каронавіруса. Памерлі 19 чалавек

ІІ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны