У Мар'інай Горцы на 3 гадзіны затрымалі аператара «Белсату»


Адразу пасля затрымання тэлефон аператара стаў недасяжны.

Раніцай 9 траўня затрымалі аператара «Белсату» Аляксандра Баразенка. Пра гэта ён сам паведаміў рэдакцыі а 8:49 раніцы. Баразенка адвезлі ў Пухавіцкі РАУС у Марʼінай Горцы. Ягоны тэлефон адразу пасля затрымання стаў недасяжны.

А 10:00 дзяжурны Пухавіцкага РАУСа сказаў, што кагосьці ім даставілі, але пакуль ідзе разбіральніцтва і ён не ведае яшчэ прозвішчаў людзей. Прапанаваў патэлефанаваць праз гадзіну. Яшчэ праз гадзіну, аб 11-ай, дзяжурны паўтарыў свае словы.

Аб 11:30 дзяжурны распавёў, што менавіта ў РАУС затрыманняў не было, у ІЧУ Аляксандра Баразенкі таксама няма.

– Тут ёсць асобы дастаўленыя, але яны не затрыманы. З імі працуе супрацоўнік ДАІ.

Пазней стала вядома, што Аляксандр Баразенка сапраўды быў дастаўлены ў Пухавіцкі РАУС. Машыну, у якой ён ехаў, спынілі супрацоўнікі ДАІ. У міліцыі патлумачылі, што пасля праверкі аператара «Белсату» абяцаюць адпусціць.

Каля 12:00 Аляксандра Баразенку выпусцілі з РАУСа. Паводле яго, супрацоўнікі ДАІ спынілі машыну, якой ён кіраваў, каб праверыць, ці не знаходзіцца аўто ва ўгоне. Даішнікаў не задавальняў vin-нумар машыны. Машыну аддалі, узялі тлумачэнні.

Таксама Аляксандр Баразенка паведаміў, што адразу, як яго затрымалі, тэлефон стаў заблакаваны – хоць грошы на ім ёсць. Адразу, як яго адпусцілі, тэлефон зноў запрацаваў.

Стужка навінаў