У Кіеве не выключаюць, што «Боінг» над Тэгеранам збіла расейская ракета


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўсклаў кветкі ў памяць аб ахвярах катастрофы самалёту Міжнародных авіялініяў Украіны, 9 студзеня 2020 года. Фота HANDOUT / Reuters / Forum

Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў заявіў у інтэрв’ю «Цензор.Нет», што ў ліку магчымых прычынаў гібелі ўкраінскага «Боінга» над Тэгеранам разглядаецца версія аб знішчэнні самалёта расейскай ракетай, што знаходзілася на ўзбраенні СПА Ірану.

Данілаў паведаміў, што група ў складзе 45 ўкраінскіх спецыялістаў (прадстаўнікі 12 міністэрстваў і ведамстваў) ужо прыбыла ў Тэгеран, каб прыняць удзел у расследаванні катастрофы. Цяпер ідзе нарада з удзелам прадстаўнікоў кампетэнтных органаў Ірана, у тым ліку іранскага IСАО – міжнароднай арганізацыі цывільнай авіяцыі.

Аляксей Данілаў, сакратар РНБА Украіны. Фота – rnbo.gov.ua

Паводле Данілава, вывучаюцца розныя версіі раптоўнага падзення самалёта, сярод асноўных:

  • знішчэнне самалёта зенітнай ракетай ЗРК, у тым ліку ЗРК «Тор», бо інфармацыя аб выяўленні абломкаў расейскай ракеты блізу месца катастрофы ўжо зʼявілася ў сеціве;
  • сутыкненне з беспілотнікам або якім-небудзь іншым абʼектам;
  • разбурэнне і выбух рухавіка па тэхнічных прычынах;
  • выбух унутры самалёта ў выніку тэрарыстычнага акту.

У складзе камісіі ўключаны спецыялісты, якія прымаюць удзел у міжнародным расследаванні атакі расейскіх вайскоўцаў на малайзійскі «Боінг» МН-17 17 ліпеня 2014 года ў паветранай прасторы Украіны, а таксама ў экспертызе фрагментаў расейскай зенітнай ракеты «Бук», якая збіла малайзійскі самалёт.

«Нашая камісія ў дадзены момант узгадняе з іранскімі ўладамі пытанне выезду на месца катастрофы, і мае намер правесці пошукі абломкаў расейскай зенітнай ракеты ЗРК «Тор» паводле тых дадзеных, якія былі апублікаваныя ў інтэрнэце. Мы выкарыстоўваем усе напрацоўкі па расследаванні атакі на «Боінг» МН -17, каб высветліць ісціну і ў справе аб гібелі ўкраінскага самалёта ў Тэгеране. На дадзены момант мы праводзім эфектыўныя дыпламатычныя перамовы з іранскім бокам, ёсць усе падставы спадзявацца на супрацу па ўсіх пытаннях, уключаючы ўдзел нашай камісіі ў расшыфроўцы «чорных скрыняў» нашага самалёта», – заявіў Данілаў.

Аб’ектыў
Пяць гадоў збіццю «MH17». Гісторыя крушэння і яго расследавання
2019.07.17 22:11

Раней СМІ паведамлялі, што лайнер над Тэгеранам маглі выпадкова збіць СПА Ірану, бо ў ноч катастрофы Іран атакаваў ваенныя базы ЗША ў Іраку ў якасці помсты за забойства генерала Касема Салеймані. Іранскія ўлады гэтую версію зняпраўджваюць.

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ў сваім відэазвароце заклікаў міжнародную супольнасць (асабліва Канаду) прыняць удзел у расследаванні авіякатастрофы самалёта «Міжнародных авіялініяў Украіны» ў Іране. Адначасова ён заклікаў устрымацца ад «спекуляцыяў, маніпуляцыяў, тэорыяў змовы, паспешных катэгарычных ацэнак і неправераных версіяў» пры абмеркаванні гэтай авіякатастрофы.

Фрагмент самалёту Міжнародных авіялініяў Украіны, які пацярпеў катастрофу 8 снежня ў Іране. Фота Mazyar Asadi / Zuma Press / Forum

8 студзеня ўкраінскі «Boeing 737» упаў побач з тэгеранскім аэрапортам. На борце самалёта рэйса PS752 Міжнародных авіялініяў Украіны былі 11 грамадзянаў Украіны (2 пасажыры і 9 чальцоў экіпажа), 63 – Канады, 82 – Ірана, 3 – Нямеччыны, 10 – Швецыі, 4 – Афганістана, 3 – Вялікай Брытаніі. Усяго на борце было 176 чалавек, усе пасажыры і чальцы экіпажу загінулі.

Hавiны
Іран апублікаваў папярэднюю справаздачу пра авіякатастрофу над Тэгеранам
2020.01.09 10:52

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў