Аб'ектыў 17.07.2019 Пяць гадоў збіццю «MH17». Гісторыя крушэння і яго расследавання


Вінаватых не назвалі, але падазраваныя – ёсць. Роўна 5 гадоў таму над Данбасам збілі Боінг 777, які ляцеў з Нідэрландаў у Малайзію. Еўразвяз заклікаў Расею ўзяць на сябе адказнасць за здарэнне. Расейцы скідваюць віну на Украіну.

Самалёт з Амстэрдаму ў Куала-Лумпур абрынуўся на зямлю 17 ліпеня 2014 года. На борце было 289 чалавек. Галоўным чынам грамадзяне Нідэрландаў, Малайзіі ды Аўстраліі. Усе загінулі.

Трагедыя мела месца ў разгар вайны на ўсходзе Украіны. Адная з галоўных версіяў – самалёт збілі з тэрыторыі, якую кантралююць сепаратысты, выкарыстоўваючы ўстаноўку «Бук». Яна ж трапіла да баевікоў з Расеі. Такога гледзішча прытрымліваюцца журналісты-расследавальнікі, украінскія ўлады і міжнародная следчая група, у яе ўваходзяць прадстаўнікі Нідэрландаў, Украіны, Аўстраліі, Бельгіі ды Малайзіі. У чэрвені былі названыя імёны 4 падазраваных у датычнасці да крушэння.

«Следчая група падазрае, што Гіркін, Дубінскі, Пулатаў і Харчанка згралі значную ролю ў гібелі 298 невінаватых людзей», – заявіў Фрэд Вэстэрбэке з пракуратуры Нідэрландаў.

Трое расейцаў і грамадзянін Украіны ваявалі на баку сепаратыстаў. Як мяркуюць даследнікі, пры іх удзеле «Бук» з’явіўся на ўкраінскай тэрыторыі, а пасля крушэння быў эвакуяваны ў Расею.

Адмыслоўцы прааналізавалі радыёперамовы падазраваных і фотадакументы. Следчыя выдалі ордар на арышт, налета ў Нідэрландах павінен распачацца суд, але былыя камандзіры сепаратыстаў здавацца не жадаюць і ўсе абвінавачанні адкідаюць.

«Апалчэнне не мела зброі для збіцця «Боінгу», – гаварыў 28.06.2019 Ігар Гіркін, былы «міністр абароны» г.зв. «ДНР».

У інтэрнэце можна лёгка знайсці паведамленні відавочцаў пра знішчэнне сепаратыстамі ўкраінскага вайсковага самалёта. Вось што паведамляла агенцыя «Риа Новости»:

«Апалчэнцы ў чацвер над горадам Тарэз Данецкае вобласці на ўсходзе Украіны збілі яшчэ адзін транспартны самалёт украінскіх ВПС».

Вядома, сцверджанне аўтараў паведамлення, што яны бачылі, як ракета трапіла ў самалёт, гаворыць, хутчэй, не пра крушэнне «Боінгу», які ляцеў на вышыні 10 кіламетраў, а пра ваенную актыўнасць сепаратыстаў.

У Расеі сцвярджаюць, што малайзійскі лайнер збілі ўкраінскія вайскоўцы ці то з зямлі, ці то з паветра. Кіеў абвінавачваюць у тым, што неба над зонаю баёў было адкрытае. Матэрыялы ж міжнароднае следчае групы афіцыйная Масква называе спекуляцыямі.

«Мы лічым, што там няма ніякіх доказаў. І ўсё, што было прадстаўлена, ні пра што не гаворыць», – казаў 20.06.2019 Уладзімір Пуцін, прэзідэнт Расеі.

У сваю чаргу родзічы ахвяраў катастрофы ў адкрытым лісце заклікалі Расею супрацоўнічаць з міжнародным следствам. Аўтары звароту абвінавацілі ўлады Расеі ў арганізаванай кампаніі дэзынфармацыі з мэтаю скрыць праўду аб трагедыі.

«Я не думаю, што сэнс працэсу ў тым, каб пакараць, гэта толькі частка працэдуры, галоўнае, высветліць праўду, людзі павінныя ведаць, што адбылося», – зазначыў Пол Гард, сын ахвяраў крушэння.

У гадавіну трагедыі СБУ абвесціла пра затрыманне магчымага кіроўцы цягача, якія перавозіў «Бук». Гэта мела месца на мяжы з Расеяй. Асобу ідэнтыфікавалі праз відэа з мабільнага тэлефона.

Ян Маравіцкі, Вітаўт Сіўчык, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары