Без вялікага ўраджаю. У Глыбокім прайшоў 5-дзённы Вішнёвы фэст


А таксама з’явілася вішнёвая алея. Пасадзілі яе ўдзельнікі Вішнёвага фэсту, які сёлета прайшоў у Глыбокім у сёмы раз.

І хаця гэты год не парадаваў ураджаем вішань, святу часта перашкаджаў дождж, тым не менш яно адбылося.

Традыцыйна фэст адбываецца на працягу пяці дзён, але найбольш цікавыя якраз перадапошні і апошні дні імпрэзы, калі ў Глыбокае з’язджаюцца госці, і распачынаецца сапраўднае свята.

У 5 гадзін вечара ганаровых гасцей свята ў сваёй рэзідэнцыі прывітала Вішнёвая каралева. Традыцыйна разам з каралевай знаходзіцца і барон Мюнхаўзен, імя якога ў Глыбокім шырока выкарыстоўваецца для прыцягнення турыстаў.

У Глыбокім колькі гадоў таму дзякуючы мясцовым краязнаўцам была адшуканая магіла Мюнхаўзена. І хай гэта не той легендарны Мюнхаўзен, і жыў ён у ХІХ стагоддзі, з гэтага зрабілі адну з турыстычных разынак Глыбокага, нават помнік барону паставілі. І на Вішнёвым фэсце асоба барона Мюнхаўзена з’яўляецца абавязковым атрыбутам свята.

Асноўныя падзеі фэсту адбываюцца на Цэнтральнай плошчы гораду, а рэзідэнцыю Вішнёвай каралевы пабудавалі два гады таму на процілеглым беразе возера. Летась там быў пастаўлены помнік аграному Баляславу Лапыру, які працаваў у Глыбокім у міжваенны час і дзякуючы працы якога Глыбокае славіцца сваімі вішнямі.

Праўда, каля рэзідэнцыі не было сапраўдных вішань, там былі толькі дзве штучныя. Таму ў гэтым годзе было вырашана побач з гэтай рэзідэнцыяй пасадзіць сапраўдныя вішнёвыя дрэвы. Зрабілі гэта ганаровыя госці фэсту разам з глыбоцкімі чыноўнікамі. Побач з Вішнёвай алеяй сёлета ўсталявалі аркі ў гонар краін-удзельніц. Грошы на гэтыя аркі былі сабраныя з глыбоцкіх прадпрыемстваў і аформленыя як іх падарунак гораду.

Пасля пасадкі Вішнёвай алеі госці накіраваліся на ўскраіну Глыбокага, дзе пару гадоў таму з ініцыятывы кіраўніка раёну Алега Морхата пачалі садзіць дуброву. А летась пасадку дубоў прымеркавалі да Вішнёвага фэсту. І хоць садзіліся дрэвы пасярод лета, тым не менш яны прыжыліся. А сёлета гэта дуброва прырасла новымі дубочкамі, якія пасадзілі госці свята.

Удзельнічаў у пасадцы і Аляксандр Корсак, жыхар Варшавы. Ён з’яўляецца прамым нашчадкам роду Корсакаў, якія ў свой час валодалі паловай Глыбокага і мелі шмат уладанняў на Глыбоччыне, Полаччыне і іншых землях былога княства Літоўскага. У Глыбокае ён першы раз прыехаў у 2014 годзе, і адразу палюбіў гэты горад. З таго часу ён бывае тут кожны год.

Ён распавёў, што сёлета праз Інтэрнэт пазнаёміўся з яшчэ аднымі сваякамі, таксама нашчадкамі роду Корсакаў па прозвішчу Драздовіч. Жывуць яны ў Францыі, куды лёс закінуў іх дзеда ў выніку драматычных падзей ХХ стагоддзя.

– Мы маглі сустрэцца з імі ў Парыжы ці Варшаве, але мы выбралі Глыбокае, – кажа Аляксандр Корсак. – І гэтыя Драздовічы захацелі з’ездзіць на зямлю сваіх дзядоў, дзе некалі знаходзілася вёсачка Драздоўшчына. Я раней ужо быў на тым месцы, ад гэтай вёскі ўжо нічога не засталося, праз яе пралягла шаша з Полацку на Вільню. Але чалавек, які нарадзіўся ўжо ў Францыі і ніколі раней тут не быў, хоча пабачыць былую зямлю сваіх дзядоў. Таму гэта мой сапраўды сваяк.

– А можа яны сваякі мастаку Язэпу Драздовічу? – пытаю я спадара Аляксандра.

– Хіба не, тады гэта прозвішча было распаўсюджанае. Але цалкам адмаўляць гэтага не буду, можа з часам і знойдзем якую інфармацыю.

А вечарам у Глыбокім распачалося сапраўднае свята. На гэты раз не толькі для ганаровых гасцей, але для ўсіх гасцей і жыхароў гораду. Было шмат гандлёвых радоў, дзе можна было купіць розныя цікавосткі. Адзінае, шмат хто з глыбачан скардзіўся на недахоп грошай, бо апошні час заробкі ў горадзе зменшыліся.

Але ў каго не хапала грошай, той мог пайсці на этнавечарыну, якая праходзіла на Цэнтральнай плошчы, чым шмат хто і скарыстаўся. Гэта было хіба адзінае сапраўднае свята, дзе гучала беларуская мова, і на якім госці з іншых краін дзяліліся сваймі песнямі і танцамі. Былі тут госці з Польшчы, Латвіі, Расеі, Украіны, Малдовы, Грузіі. І тут на тварах гледачоў адчувалася сапраўдная непадробленая радасць. Асабліва падабаецца глыбачанам выступ гасцей з Грузіі, якія прыязджаюць сюды не першы раз. Мы спыталі ў прадстаўніка Грузіі Анзора Сулханашвілі, ці цяжка навучыцца грузінскім танцам і колькі для гэтага трэба часу.

– Звычайна патрэбны год, – адказаў спадар Анзор, – а некаторым і жыцця не хопіць.

А Аляксандр Корсак заўважыў, што яго радуе тое, што Глыбокае яднае прадстаўнікоў розных краін, нават тых, паміж якімі зараз і не вельмі добрыя адносіны.

А ў апошні дзень свята адбылося традыцыйнае вішнёвае шэсце ад помніка Глыбоцкай Вішні да месца правядзення свята. Удзельнічалі ў ім Вішнёвая каралева, якая ехала разам з баронам Мюнхаўзенам на святочнай карэце, прадстаўнікі замежных дэлегацый і мясцовай улады.

Зміцер Лупач belsat.eu

Стужка навінаў