У Францыі – новыя пратэсты «жоўтых камізэлек». Адбыліся сутычкі з паліцыяй


Пратэсты супраць эканамічнай палітыцы прэзідэнта Эманюэля Макрона адбыліся ўжо 12-я выходныя запар. Зноў не абышлося без сутычак дэманстрантаў з паліцыяй.

Цяпер да пратэстаў «жоўтых камізэлек» дадаліся лозунгі супраць паліцэйскага гвалту – дакладней выкарыстання сілавікам траўматычнай зброі падчас разгоны вулічных акцыяй. Гэтая зброя не можа забіць чалавека, але, калі гумовая куля трапляе ў твар, яна можа нанесці жахлівыя раны. У прыватнасці, актывісты сцвярджаюць, што ад пачатку пратэстаў каля 10 дэманстрантаў страцілі вока ў выніку стрэлаў сілавікоў. Паліцыя ў сваю чаргу тлумачыць, што ўжыванне гумовых куляў – вымушаны крок ва ўмовах агрэсіўных паводзінаў часткі пратэстоўцаў.

У дэманстрацыі «жоўтых камізэлек» у Парыжу ўчора прынялі ўдзел ад 10 да 13 тыс. чалавек. Тысячы людзей пратэставалі ў Марсэлі, Бардо, Туры ды іншых гарадах, паведамляе Reuters.

У параўнанні з мінулымі акцыямі пратэсты прайшлі адносна спакойна, але без сутычак не абышлося. У прыватнасці паліцыя выкарыстала слёзатачывы газ на плошчы Рэспублікі ў Парыжы, піша Бі-бі-сі.

Акцыі пратэстнага руху так званых «жоўтых камізэлек» адбываюцца ў Францыі з 17 лістападу. Актывісты выступаюць супраць павышэння коштаў на паліва, урадавай падатковай палітыкі ў цэлым і патрабуюць адстаўкі прэзідэнта і прэм’ер-міністра. Мітынгі ў Парыжы неаднаразова выходзілі за межы мірных акцыяў, суправаджаліся вандалізмам і пагромамі.

Пачынаючы з лістападу атрымалі раненні каля 1000 сілавікоў і каля 1700 дэманстрантаў.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў