У Ерэване людзі зноў выйшлі на вуліцы

ВІДЭА

Апазіцыя аднавіла пратэсты супраць дзейнай улады ў Ерэване.

Прыхільнікі руху «Елк» перакрываюць галоўныя вуліцы армянскай сталіцы, ствараючы аўтамабільныя коркі. Паліцыя сцягвае ў цэнтр гораду спецтэхніку.

Сёння раніцай павінныя былі адбыцца перамовы паміж лідарам руху «Ельк» Ніколам Пашыньянам і Карэнам Карапэтянам, які прадстаўляе Рэспубліканскую партыю і выконвае цяпер абавязкі прэм’ер-міністра.

Паводле Карапэтяна, сустрэча была сарваная, паколькі Пашыньян у аднабаковым парадку высунуў новыя патрабаванні па яе правядзенню і парадку.

Паводле Пашыньяна, Рэспубліканская партыя Арменіі павінная быць адхіленая ад улады, а прэм’ерам павінен стаць «кандыдат ад народа», пасля чаго мусяць прайсці пазачарговыя парламенцкія выбары.

Карапэтян заявіў, што новы прэм’ер-міністр можа быць абраны выключна ў межах закону, а не на вуліцы.

Літаральна за ноч Пашыньян мабілізаваў тысячы людзей, якія цяпер ідуць шэсцем цэнтральнымі вуліцамі Ерэвана.

Да пратэстаў далучыліся апазіцыйныя партыі прадпрымальнікаў «Квітучая Арменія» і «Спадчына». Яны заклікалі сваіх прыхільнікаў выйсці на вуліцы Ерэвана і «быць побач з народам».

На месцы працуе здымачная група «Белсату».

З сярэдзіны красавіка па ўсёй Арменіі праходзілі дэманстрацыі супраць прызначэння новым прэм’ер-міністрам краіны Сэржа Саргсьяна, які да гэтага 10 гадоў быў прэзідэнтам.

23 красавіка Саргсьян пагадзіўся сысці ў адстаўку. Выконваць абавязкі прэмʼера стаў ягоны паплечнік па партыі Карэн Карапэтян.

ДД; фота – Глеб Гараніч/Reuters

Глядзі таксама
Каментары