У Берасці з мосту на ходнік упала альтанка


Хутчэй за ўсё, металічная канструкцыя звалілася праз моцны вецер.

– Будаўнікі выпрабоўваюць лёс. Калі-небудзь падзенне падобных рэчаў з мосту можа скончыцца сапраўднай трагедыяй, – скардзяцца «Белсату» мясцовыя жыхары.

Усё адбылося 10 сакавіка прыблізна а 8.00 раніцы. На берасцейскай вуліцы Паплаўскага на праезную частку і ходнік з будоўлі ўпала металічная канструкцыя – альтанка. Абышлося без ахвяраў. Хутчэй за ўсё, металічная канструкцыя звалілася з-за моцнага ветру. Прыблізна праз паўгадзіны пасля здарэння будаўнікі прыбралі альтанку з ходніка.

Жыхары вуліцы Паплаўскага не ведаюць, што рабіла альтанка на мосце. Але гэта не першае здарэнне ў гэтым месцы. Нагадаем, што у верасні мінулага году з гэтага моста на вуліцу зваліўся аўтакран «МАЗ» – тады таксама ніхто не пацярпеў.

ВІДЭА
У Берасці знялі на відэа, як аўтакран падае з моста
2018.09.10 10:14

Гэты мост у Берасці зараз знаходзіцца на рамонце – да тысячагоддзя гораду ўлады будуюць Заходні абыход. Год таму падчас выканання працаў былі пашкоджаныя дамы жыхароў вуліцы Паплаўскага. Пры гэтым улады абяцалі скампенсаваць усю шкоду, але з кастрычніка 2018-га года кіраўніцтва гораду па любых пытаннях папросту ігнаруе жыхароў.

Аб’ектыў
Праз будаўніцтва моста ў людзей руйнуюцца дамы, чыноўнікі кажуць, што прычына – «атмасферныя ападкі»
2019.01.17 21:06

– Акрамя пашкоджаных дамоў, на нашу вуліцу падае то кран, то альтанка, і кожны дзень нейкая будаўнічае смецце – мы ўжо стаміліся яго прыбіраць, але ўлады ніяк не рэагуюць на нашыя звароты, – кажа «Белсату» жыхарка вуліцы Паплаўскага Віола.

Затое ўлады адразу рэагуюць на сюжэты на нашым канале. Так, за сюжэт пра праблемы жыхароў вуліцы Паплаўскага журналіст Алесь Ляўчук атрымаў 40 базавых велічынь штрафу. Пры гэтым міліцыя нават не запрасіла журналіста для складання пратаколу, а сведкам на судзе выступіў супрацоўнік міліцыі Павал Мартынаў.

Hавiны
Чарговы штраф незалежным журналістам з Берасця: 1500 долараў за супрацу з «Белсатам»
2019.03.04 21:25

СА/Belsat.eu

Стужка навінаў