Аб'ектыў 17.01.2019 Праз будаўніцтва моста ў людзей руйнуюцца дамы, чыноўнікі кажуць, што прычына – «атмасферныя ападкі»


Ужо ўлетку Берасце шырока адсвяткуе круглую дату. У горад прыедуць шмат гасцей, адкрыюцца нямала новых аб‘ектаў, толькі часам такія вялікія праекты руйнуюць жыцці іншых берасцейцаў. Як сталася на вуліцы Паплаўскага, дзе будоўля жорстка прайшлася па лёсе людзей. У сітуацыі разбіраўся Алесь Ляўчук.

Да тысячагоддзя Берасця ўлады будуюць Заходні абыход. Год таму падчас выканання працаў былі пашкоджаныя дамы жыхароў вуліцы Паплаўскага. Кіраўніцтва Берасця абяцала скампенсаваць шкоду. Але да сённяшняга моманту жыхары чакаюць выканання гэтых абяцанняў.

Праблемы пачаліся ў траўні 2016-га, калі ўлады пастанавілі змяніць першапачатковы праект другой чаргі Заходняга абыходу. Паводле зменаў, дарога мелася пайсці праз вуліцу Паплаўскага. Нягледзячы на пратэсты, на вуліцы знеслі палову дамоў, жыхары тых дамоў, што засталіся, сталі жыць літаральна на будоўлі. Жыхарка вуліцы Паплаўскага Святлана кажа:

«Гэты мост-монстр завіс над намі і разбурыў нашыя хаты, абясцэніў іх на траціну ды працягвае руйнаваць»

«Я проста жадаю ўсім чыноўнікам, якія, я мяркую, калі б былі на нашым месцы, ні адзін не пацярпеў бы гэтага бязладдзя (…) і не будаваўся б гэты мост каля іхных дамоў, я б хацела, каб яны выпрабавалі ўсё тое ж самае, што адчуваем цяпер усе мы», – абураецца жыхарка вуліцы Межавой Людміла.

Палі пад будучы мост на месцы знесеных дамоў будаўнікі пачалі забіваць летась у студзені. У выніку, дамы, якія засталіся, з-за вібрацыі пачалі развальвацца. Тады наш тэлеканал рабіў пра гэта сюжэт, а неўзабаве пасля выхаду матэрыялу жыхароў запрасілі да кіраўніка гораду, правялі экспертызы і выдалі тэхнічныя заключэнні, на гэтым усё скончылася. Віялета, жыхарка вуліцы Паплаўскага:

«Заключылі, што асноўная прычына – гэта атмасферныя ападкі ды цягнікі, якія ў нас тут усё жыццё ходзяць, і нічога не было, але, на іхную думку, гэта асноўная прычына. А будоўля мосту пагоршыла, і гэта ўскосная прычына».

Пры гэтым улады абяцалі скампенсаваць усю шкоду, але з кастрычніка 2018-га года кіраўніцтва гораду папросту ігнаруе жыхароў. Звярнуцца да чыноўнікаў паспрабавалі і мы:

«Для гэтага ёсць заказчык, для яго выдзелена фінансаванне, у рамках будаўніцтва аб’екту было абследаванне, яны зрабілі заключэнне, і ўсё разглядаецца, вызначаны кампенсацыі і аднаўленчыя працы», – гаворыць Сяргей Патапчук, намеснік кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёну Берасця.

Улетку і ўвосень Берасце шырока адзначыць сваё тысячагоддзе, вось толькі вясёлым гэтае свята будзе не для ўсіх. Жыхары вуліцы Паплаўскага падставы для радасці не бачаць.

Алесь Ляўчук, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары