У Берасці пададзена заяўка на правядзенне святочнага фестывалю на Дзень Волі


Сёння, 5 сакавіка, кіраўнік абласной арганізацыі Партыі БНФ Зміцер Шыманскі ад імя аргкамітэту падаў у Берасцейскі гарвыканкам заяўку на правядзенне фестывалю.

Па словах Шыманскага, вусная папярэдняя згода берасцейскіх уладаў на правядзенне фестывалю «100 год БНР» ужо ёсць.

У аргкамітэт па правядзенне свята ўвайшлі 16 суб’ектаў – палітычныя партыі, грамадскія арганізацыі, валанцёрскія ініцыятывы і мясцовыя бізнесоўцы.

Пра планы на 25 сакавіка Зміцер Шыманскі распавёў belsat.eu:

«Мы рыхтуем сапраўднае свята – канцэрт, розыгрышы прызоў ад нашых партнёраў, знаёмства з беларускімі рамеснікамі і грамадскімі арганізацыямі, мора пазітыву і святочнай сімволікі. Зараз арганізацыйны камітэт рыхтуе праграму мерапрыемства».

Таксама Зміцер Шыманскі прапануе ўсіх ахвочым далучацца да святкаванняў.

«Мы заклікаем усіх, хто лічыць гэты дзень святочным, далучацца да яго арганізацыі. Можна стаць валанцёрам і атрымаць досвед арганізацыйнай працы. Можна ахвяраваць невялікія сумы на выраб фестывальнай сімволікі. А калі вы ўладальнік беларускага бізнесу – можна прэзентаваць сваю фірму на адной з крэатыўных пляцовак фестывалю. Усе арганізацыйныя дэталі ў бліжэйшыя дні мы будзем публікаваць у сацыяльных сетках з хэштэгам #БНР100», – кажа ён.

АС, belsat.eu

Стужка навінаў