Адпаведны праект распрацоўвае Міністэрства ўнутраных спраў. Паводле яго, алкагольныя напоі па ўсёй краіне можна будзе прадаваць толькі ад 9 да 22. Да 1 лістапада дакумент павінны ўнесці ў Савет міністраў.
Пра гэта журналістам распавёў намеснік начальніка ўпраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС Сяргей Красуцкі.
Чыноўнік прызнаў, што праект праходзіць няпростае ўзгадненне, аднак «разуменне і дапамога з боку дзяржаўных органаў прысутнічаюць».
Таксама ў МУС лічаць, што абмежаванні не паўплываюць на працу гандлёвых сетак, хоць і прызнаюць, што іх даходы ў гэтым выпадку ўпадуць.
Другая абмежавальная мера – забарона на продаж алкаголю ў крамах, якія не маюць адасобленых таварных аддзелаў. Паводле Красуцкага, забарону ўвядуць толькі ў крамах плошчай ад 400 кв.м і больш. І толькі першы крок, пазней будуць прымацца іншыя меры па абмежаванні продажу алкаголю.
Красуцкі мяркуе, што праз распаўсюджванне алкаголю дзяржава марнуе больш грошай, чым зарабляе.
«Вынікі даследаванняў адназначна кажуць пра тое, што даходы, якія атрымлівае дзяржава ад продажу алкаголю, у два разы меншыя за наступныя выдаткі», – падкрэсліў Красуцкі.
Ён прывёў дадзеныя статыстыкі: кожнае чацвёртае злачынства адбываецца праз ужыванне алкаголю.
«У свядомасці алкаголь прыроўнены да прадуктаў харчавання. Ён прыроўнены да хлеба, тварагу, цукру… Ходзяць дзеці, і яны ўспрымаюць алкаголь не як нешта забароненае, а як нешта звычайнае», – адзначыў чыноўнік.
Нагадаем, што 1 кастрычніка ў Беларусі павялічылі мінімальныя кошты на алкаголь мацункам больш за 28 % і этылавы спірт.
Замілаванне беларусаў да моцных напояў паставіла нас на пʼедэстал алкаголікаў сярод нацыяў. Два гады таму Сусветная арганізацыя здароўя заявіла, што спажыванне алкаголю ў Беларусі складае 17.5 літраў на чалавека. Але з такою ацэнкаю ўсцяж не пагаджаецца Міністэрства аховы здароўя.
Чытайце таксама >>>
ДР belsat.eu