Складаныя стасункі беларусаў і алкаголю


Замілаванне беларусаў да моцных напояў паставіла нас на пʼедэстал алкаголікаў сярод нацыяў. Два гады таму Сусветная арганізацыя здароўя заявіла, што спажыванне алкаголю ў Беларусі складае 17.5 літраў на чалавека. Але з такою ацэнкаю ўсцяж не пагаджаецца Міністэрства аховы здароўя.

«Я зараз дакладна не магу сказаць на якім мы месцы, але меркаванне пра сваю краіну перад рознымі міжнароднымі арганізацыямі мы адназначна палепшылі», – даводзіць галоўны нарколаг краіны Іван Канаразаў.

«Такое паршывае ў нас жыццё!»

Згодна з афіцыйнымі звесткамі, летась продаж алкаголю склаў 9 літраў спірту на душу насельніцтва – на 2 літры меней, чымся пазалетась. Каб праверыць гэтыя лічбы, мы скіраваліся ў адну са сталічных крамаў. «Розніцы асаблівай няма. Як пілі так і пʼюць», – кажа прадавачка.

«Таму што жыццё у нас такое цяпер. Не тое, што складанае, яно паршывае», – мяркуе малады мужчына.

Кантрафакт з Расеі – праблема для дзяржаўнага гаманца

Сакрэт лепшых паказнікаў можа хавацца ў праблеме кантрафактнага алкаголю, які не ўлічваецца ў статыстыцы. Яшчэ летась Міністэрства ўнутраных справаў біла трывогу ў сувязі з ростам нелегальных трункаў з-за ўсходняе мяжы.

«Мы ацэньваем нелегальны рынак алкаголю за кошт у асноўным экспансіі з расейскай федэрацыі, у год на $ 200 млн. Гэта тое, што прайшло міма афіцыйнай легальнай рэалізацыі», – звяртае ўвагу Эдуард Нікіцін з Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

Віна ляжыць на дзяржаве

Пазітыву Міністэрства аховы здароўя не падзяляе і Беларуская хрысціянская дэмакратыя, якая не першы год ажыццяўляе адмысловую антыалкагольную кампанію.

«Нядаўна мы былі ў Гомлі. Чалавек падыходзіць і просіць гарэлку, і яны з-пад касы дастаюць гэтую гарэлку і даюць. Людзі ведаюць, што можна не ісці ў віна-водачны аддзел і на нават касе ў буйным гіпермаркеце набыць гэтую гарэлку», – дзеліцца ўражаннямі Волька Кавалькова, каардынатар антыалкагольнай кампаніі БХД.

На меркаванне Вольгі Кавальковай, віна перадусім ляжыць на дзяржаве, якая не робіць неабходных крокаў для абмежавання продажу і спажывання алкаголю. Ніводнай прапановы партыі ў гэтым пытанні ўлады не прынялі.

Бо залежаць ад шкодных звычак не толькі беларусы, але і наш бюджэт. Толькі ў сталіцы сярод 10 найбуйнейшых падаткаплатнікаў – 2 вытворцы алкаголю.

Вольга Жарнасек, «Белсат»

Стужка навінаў