У сувязі з чацвёртым класам пажарнай небяспекі ў большасці рэгіёнаў Беларусі Міністэрства лясной гаспадаркі ініцыюе ўвядзенне забаронаў і абмежаванняў на наведванне лясоў.
Як паведамілі ў міністэрстве, рашэнні прымаюць мясцовыя органы ўлады па хадайніцтве лесагаспадарчых устаноў ці раённых аддзелаў па надзвычайных сітуацыях.
Паводле інфармацыі ведамства, па стане на 21:30 25 красавіка забароны на наведванне лясоў былі ўведзеныя ў 11-і раёнах Гарадзенскай вобласці ды 10-і Менскай. У Гомельскай і Віцебскай вобласці забаронена наведваць па 2 раёны.
Забарона прадугледжвае поўную адмову ад наведвання лясоў грамадзянамі (у тым ліку для прагулак і адпачынку), а таксама ад уезду неслужбовага транспарту.
З пачатку года ў Беларусі адбылося ўжо 217 лясных пажараў на агульнай плошчы звыш 1000 гектараў. Найбольш крытычная сітуацыя склалася ў Берасцейскай вобласці, дзе адбылося 106 выпадкаў узгаранняў на плошчы звыш 850 гектараў.
Найбольшыя пажары зафіксаваныя ў Палескім лясгасе, куды агонь прыйшоў з Украіны. Найчасцей прычынай ляснога пажару ёсць чалавечы фактар: спальванне сухой расліннасці і смецця, кінутыя недакуркі.
МГ belsat.eu