У Беларусі ў кастрычніку падаражэлі агуркі і кветкі, а патаннелі – бананы і жаночыя чаравікі


З пачатку года ўпершыню ў краіне патаннелі платныя паслугі. Па словах эксперта, у Беларусі ўвогуле не могуць паўплываць на інфляцыю, бо мы вельмі моцна залежым ад расейскага рубля, «а ў Расеі робяць што хочуць».

У Беларусі інфляцыя на тавары і паслугі ў кастрычніку 2018 года, у параўнанні з вераснем, склала 0,5 %. З пачатку года кошты павысіліся на 4,2 %. Такія дадзеныя прыводзіць Нацыянальны статыстычны камітэт.

Паводле Белстату, харчовыя тавары ў кастрычніку падаражэлі на 1 %. Больш за ўсё – агуркі (на 83 %), памідоры (на 51,4 %) і вінаград (на 19,3 %). Больш за ўсё патаннелі бананы (на 13,8 %), яблыкі (на 13 %), цытрусавыя (на 12,2 %), буракі (на 9,4 %) і морква (на 5,7 %).

Нехарчовыя тавары сталі даражэй за месяц на 0,3 %. У кастрычніку найбольш падаражэлі плашчы (на 4,2 %), газавае маторнае паліва (на 3,9 %) і кветкі (на 3,7 %). Больш за ўсё патаннеў абутак – чаравікі жаночыя скураныя на нізкім абцасе на сінтэтычнай падэшве (на 7,2 %), паўботы, туфлі скураныя (на 6,5 %) і басаножкі, сандалеты з натуральнай або штучнай скуры (на 5,8 %).

Упершыню за 2018 год у Беларусі патаннелі паслугі – на 0,3 % за месяц. Больш за ўсё патаннелі паслугі чыгуначнага пасажырскага транспарту міжнародных зносінаў (на 5,8 %), гарачае водазабеспячэнне (на 5 %) і паслугі паветранага пасажырскага транспарту (на 4,6 %).
Нагадаем, што па выніках 2017 года інфляцыя ў Беларусі склала рэкордныя 4,6%. Афіцыйны прагноз Нацыянальнага банку на гэты год складае 5,5-6%.

Як адзначыў у каментары Belsat.eu кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка, выніковая інфляцыя за бягучы год па канчатковых падліках можа скласці і 7%.

«Беларусь – малая адчыненая эканоміка, таму паўзучае павелічэнне коштаў у доларавым эквіваленце на імпарт ужо рэальна адбіваецца і на нафце, і на прадуктах харчавання, і на чым заўгодна», – заявіў ён.

Суразмоўца дадаў, што Нацбанк у другой палове гэтага году дапусціў вялікую дэвальвацыю рубля ў сувязі з тым, «што Беларусь прывязаная да расейскага рубля, а ў Расеі робяць што хочуць». На яго думку, у наступным годзе сітуацыя з інфляцыяй у краіне можа развівацца неадназначна з прычыны таго, што ў Расеі прынятая стратэгія па пазбаўленні ад долара ЗША.

«Хутчэй за ўсё, мы не здолеем праводзіць нейкую ўласную манетарную палітыку, хаця абмежаванні павінны быць, у тым ліку па выдачы крэдытаў. Калі не знізіць актыўнасць па крэдытам буйных прадпрыемстваў, неўтаймавана выдаваць пазыкі кепскім прадпрыемствам і кампенсоўваць іх крэдытныя рэсурсы, дык інфляцыя можа быць і вышэй, нават у межах 7-9 %. Хаця ўрад нацэлены на 5 %. У інтарэсах усіх беларусаў – каб інфляцыя была мінімальнай. Але на сёння, на жаль, стратэгічна мы не кіруем інфляцыяй. Кошты задаюцца знешнімі рынкамі, перадусім расейскім. А ў Расеі можа і далей слабець курс рубля», – падкрэсліў Леанід Заіка.

МГ

Стужка навінаў