У самы сезон кляшчоў у аптэках няма набораў для абароны ад іх


Чытачка belsat.eu з Менску падзялілася праблемай, з якой сутыкнулася праз вялікую колькасць небяспечных павукаабразных, якія перабраліся з лясоў у гарадскія сады і паркі.

Дзяўчына жыве ў Серабранцы. Днямі яна знайшла на целе кляшча і пайшла ў аптэку за наборам, які можа дапамагчы пазбавіцца ад небяспечных членістаногіх.

«Калі я не знайшла набору ў бліжэйшай аптэцы, не здзівілася. Але пасля абыходу некалькіх аптэк раёну, я была раз’юшаная. Адна з працаўніц сказала, што наборы не завозілі з мінулага году. Гэта толькі ў СМІ кажуць, куды ісці і што рабіць. А на справе не ведаеш, куды падацца», – абураецца мянчанка.

Набор яна купіла ў заалагічнай краме.

Аб’ектыў
Кляшчы захапілі беларускія гарады
2019.06.12 22:13

Belsat.eu праверыў некалькі мясцовых аптэк. Сапраўды, набор за 6,17 рублёў знайшоўся толькі ў аптэцы «Іскамед».

У рэшце аптэк, куды мы дазваніліся, набораў не было. Прычына – фармацэўтычныя кампаніі не вырабляюць такой прадукцыі для аптэк або іх няма на складзе.

Сёлета ў Менску ахвярамі кляшчоў сталіся больш за 400 чалавек. І гэта толькі тыя, хто звярнуўся ў паліклінікі па дапамогу.

Пазбавіцца ад кляшча можна з дапамогаю прылады з лёскі ды пластыкавай трубкі. Лёску трэба накінуць над месцам укусу, не кранаючы цельца, зацягнуць пяцельку і кругавымі рухамі выкруціць кляшча, а пасля як найхутчэй звярнуцца да доктара.

Hавiны
Застрахавацца ад кляшча. Параўноўваем прапановы на рынку
2019.05.13 13:58

ДР belsat.eu

Стужка навінаў