Застрахавацца ад кляшча. Параўноўваем прапановы на рынку


Клешч. Ілюстрацыйнае фота – Mary Evans/Forum

З наступленнем цяпла павялічылася актыўнасць кляшчоў (у Берасці праз іх ужо забаранілі 15 мітынгаў супраць акумулятарнага заводу). Страхавыя кампаніі прапануюць антыклешчавыя полісы на сумы ад 160 да 3000 рублёў на кампенсацыю выдаткаў на аналізы і лячэнне.

На беларускім страхавым рынку мы знайшлі чатыры прапановы на выпадак укусу кляшчом коштам ад 6 да 16 рублёў. Адныя пакрываюць выдаткі на аналізы, лекі і лабараторнае даследаванне кляшча (так, у Беларусі гэтая паслуга платная), выплаты па іншых наступаюць толькі ў выпадку захворвання або інваліднасці.

Праграма «Антыклешч» ад «Белнафтастраху» каштуе Br 10, а страхавая сума да Br 160 пакрывае выдаткі толькі на лабараторны аналіз кляшча і кошт лекаў (кампенсацыя на лекі – да Br 20).

Ілюстрацыя – bns.by

Страхоўка ад хваробаў з прычыны ўкусу кляшча ад «Белрасстраху» каштуе Br 10 на год. Выплата страхавой сумы – Br 1000 – наступае толькі ў выпадку захворвання Лайм-барэліозам або клешчавым энцэфалітам – або інваліднасці.

Добраахвотнае страхаванне «З абаронай ад кляшча» ад «Беларусбанку» абыдзецца ў Br 16. У выпадку непрыемнасцяў поліс на страхавую суму да Br 1600 пакрые выдаткі на выдаленне кляшча, кансультацыю лекара і аналіз крыві, лекі, даследаванне кляшча ў лабараторыі і лячэнне ў стацыянары.

Набыць страхоўку ад кляшчоў можна ў любым аддзяленні «Беларусбанку», дзе афармляюць дамовы страхавання. Ілюстрацыя – belarusbank.by

Варыянт страхавання «Антыклешч» на суму Br 3000 ад «Белдзяржстраху» прадугледжвае выплату застрахаванаму ў выпадку заражэння энцэфалітам або Лайм-барэліёзам. У перыяд дзеяння страхоўкі выплата пасля ўкуса заражанага кляшча складзе Br 300. Поліс каштуе Br 6.

Праз тое, што аналіз кляшча на наяўнасць інфекцыі робяць да 14 дзён, лекары адразу выпісваюць антыбіётыкі. Таму здаваць кляшча на аналіз сэнс мае толькі тым, у каго алергія на лекі – у такім выпадку лабараторнае даследаванне кляшча будзе бясплатным. Усе іншыя за праверку свайго кляшча заплацяць: за даследаванне на Лайм-барэліоз – ад Br 8,86 да 15,62, за клешчавы энцэфаліт – Br 42,3.

Іксодавыя кляшчы, якія жывуць на тэрыторыі Беларусі, могуць пераносіць узбуджальнікі дзевяці інфекцыйных захворванняў (анаплазмозу, рыкетсіозу, ліхаманкі Ку, тулярэміі, бабезіозу, бартанелезу, эрліхіозу, клешчавага энцэфаліту і хваробы Лайма).

Улічваючы, што вакцынаў ад большасці інфекцыяў (за выключэннем клешчавага энцэфаліту) на сёння няма, іх прафілактыка ў значнай меры залежыць ад нас саміх. Пры знаходжанні ў лясах і парках памятайце:

  • апранаць вопратку, якая максімальна якая закрывае адкрытыя ўчасткі цела;
  • ужываць рэпеленты;
  • аглядаць сябе пасля выхаду з лесу ці парку.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў