У Беларусі на каронавірус праверылі больш за 120 чалавек. І вось вынікі


Даследаванне на наяўнасць у пацыента каронавірусу. Інкубацыйны перыяд вірусу складае ад 2 да 14 сутак. Фота – прэс-служба Міністэрства аховы здароўя

Беларускія медыкі распачалі лабараторную дыягностыку ўсіх магчымых клінічных выпадкаў захворвання згодна з рэкамендацыямі Сусветнай арганізацыі здароўя, падае Міністэрства аховы здароўя.

На гэты момант у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры эпідэміялогіі і мікрабіялогіі лекары абследавалі 74 чалавек, большая частка якіх прыбыла з Кітаю.

Яшчэ 47 чалавек, якія былі ў Кітаю, 29 студзеня абследавалі ў менскім аэрапорце.

Згодна з даследаваннямі, каронавірус у іх не выявілі.

Падчас даследавання ў чатырох асобаў выявілі, аднак, вірус грыпу, у траіх – мікаплазму пнеўманіі, у аднаго – рынавірус. Яшчэ у адной асобы знайшлі адначасова вірус грыпу і мікаплазму пнеўманіі.

Hавiны
NEXTA: Новыя падазрэнні заражэння каронавірусам у Бабруйску і Менску
2020.01.30 12:24

Паводле медыкаў РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, яны маюць ўсе неабходныя рэактывы, абсталяванне, тэхналогіі і высокакваліфікаваны персанал, які мае вялікі вопыт правядзення такіх даследаванняў. Цэнтр працуе ў штатным рэжыме – 24 гадзіны ў суткі.

На мінулым тыдні Надзвычайны камітэт, скліканы Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя, выпрацаваў рэкамендацыі ў барацьбе з каронавірусу для Кітаю і для ўсяго свету агулам. Згодна з гэтымі парадамі, кожная краіна павінная быць гатовая да лакалізацыі захворвання і актыўнага эпідэміялагічнага нагляду, раннім выяўленні ўзбуджальніка, ізаляцыі і аказанні медычнай дапамогі пацыентам, а таксама да перадухілення далейшага распаўсюджвання інфекцыі.

Адмысловы біябокс, які беларускія медыкі могуць выкарыстоўваць для транспартавання пацыентаў у сітуацыі з падазрэннем на наяўнасць каронавірусу. Фота – прэс-служба Міністэрства аховы здароўя

У адпаведнасці са звесткамі САЗ, колькасць захварэлых на вірус у Кітаі складае каля 7,7 тыс. чалавек. Разам з пацыентамі ў іншых краінах колькасць захварэлых набліжаецца да васьмі тысячаў асобаў. 170 чалавек загінулі.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў