У АБСЕ асудзілі пераслед журналістаў «Белсату»


Прадстаўнік АБСЕ ў пытаннях свабоды медыяў Арлем Дэзір асудзіў ператрус, праведзены 9 красавіка ў менскім офісе тэлеканалу «Белсат». «Мяне трывожыць ператрус у рэдакцыі «Белсату» ў Менску і канфіскацыя звестак і камп’ютараў у журналістаў», – сказаў Дэзір.

Арлем Дэзір. Фота: Gonzalo Fuentes/REUTERS/Forum

Паводле яго, такія дзеянні перашкаджаюць працы незалежных СМІ і выклікаюць занепакоенасць з нагоды абароны канфідэнцыйных крыніц журналістаў, паведамілі ў АБСЕ.

Пры гэтым прадстаўнік АБСЕ падкрэсліў, што «Белсат» раней апублікаваў выпраўленне памылкі ў публікацыі, на падставе якой журналістаў вінавацяць у паклёпе.

«Вельмі важна, каб чыноўнікі ўстрымліваліся ад выстаўлення крымінальных абвінавачванняў журналістам. Я таксама заклікаю ўлады адмяніць крымінальную адказнасць за паклёп у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі», – заявіў ён.

Усё, што трэба ведаць пра вобшук на «Белсаце»

Абураны пагромам у нашым офісе і Нацыянальны саюз журналістаў Украіны.

«Лічым, што любыя непаразуменні паміж уладай і СМІ ў любых краінах павінны вырашацца цывілізаваным спосабам. Дэманстрацыя сілы да работнікаў СМІ, ператрусы рэдакцый СМІ і г.д. маюць адзіную мэту – запалохаць прэсу», – заявілі ў арганізацыі.

Нагадаем, што раніцай 9 красавіка ў адзін з менскіх офісаў «Белсату» на вуліцы Кастрычніцкай прыйшлі з вобшукам супрацоўнікі Следчага камітэту. Распачатая крымінальная справа паводле часткі 2 артыкулу 188 Крымінальнага кодэксу – «Паклёп».

Нагодай для гэтага стала тое, што ўлетку журналіст Алесь Залеўскі падрыхтаваў відэасюжэт аб карупцыі ў Міністэрстве аховы здароўя, дзе паведамлялася аб затрыманні кіраўніка дзяржпрадпрыемства «Медтэхнацэнтр» Алега Шведа. Але ў тэкставай версіі на сайце зʼявілася паведамленне, што затрыманы і ягоны брат, кіраўнік Камітэту судовых экспертыз Андрэй Швед, што не адпавядала рэчаіснасці.

Ператрусы – сімвал палітычна значных для Беларусі падзеяў. Аб чым сведчыць ператрус на «Белсаце»?

У канцы ліпеня «Белсат» на сваім сайце зняпраўдзіў інфармацыю і выбачыўся перад чыноўнікам.

У лістападзе 2018 года СК прыняў рашэнне не распачынаць крымінальную справу, аднак у студзені 2019 года яе ўсё ж адкрыла Менская гарадская пракуратура.

МГ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары