Усё, што трэба ведаць пра вобшук на «Белсаце»


Раніцай 9 красавіка ў адзін з менскіх офісаў «Белсату» на вуліцы Кастрычніцкай прыйшлі з вобшукам супрацоўнікі Следчага камітэту. Распачатая крымінальная справа паводле часткі 2 артыкулу 188 Крымінальнага кодэксу – «Паклёп».

Што адбылося?

А 8.20 у офіс, дзе знаходзіўся журналіст Мікола Дзябёла, па дамафоне патэлефанавала жанчына, нібыта з ЖЭСу і сказала, што «трэба праверыць гарачую ваду». Дзябёла не адчыніў, але праз 10 хвілін ля дзвярэй офісу ўжо стаялі людзі ў масках. Яны не назваліся і таму журналіст вырашыў не адчыняць дзверы. Неўзабаве яму патэлефанавалі на мабільны «са Следчага камітэту» і паведамілі, што зараз будуць адбывацца следчыя дзеянні. Тым часам аператыўнікі дасталі балгарку, каб спіліць дзверы і наш калега адчыніў іх сам, каб працаўнікі СК не пашкодзілі маёмасць.

Ператрус у офісе Белсату

Вобшук цягнуўся 4 гадзіны: у выніку СК канфіскаваў усе носьбіты інфармацыі: 5 камп’ютараў, сістэмныя блокі, флэш-карты. Патрапіць у офіс было немагчыма: на ўваходзе ў пад’езд дзяжурыў міліцыянт, які не прапускаў журналістаў. Сувязь з Дзябёлам адсутнічала.

Праз 4 гадзіны журналісты ўсё ж трапілі ў офіс і ўбачылі наступствы ператрусу: ва ўсіх пакоях былі раскіданыя рэчы, у адным – зламаная шафа,з яе знялі дзверцы.

Фота
«Гэта вэрхал»: як выглядае офіс «Белсату» па ператрусе Следчага камітэту
2019.04.09 14:25

Пазіцыя ўладаў

Афіцыйны прадстаўнік СК Сяргей Кабаковіч у заявіў:

«Следчым камітэтам расследуецца крымінальная справа па ч. 2 арт. 188 (паклёп) КК, распачатая пракуратурай горада Менску, пра распаўсюд на сайце тэлеканалу «Белсат» выдумак паклёпніцкага характару».

Паводле слоў Кабаковіча, падчас расследавання былі атрыманы звесткі пра месцазнаходжанне камп’ютарнай тэхнікі, «з дапамогай якой, як мяркуецца, і былі распаўсюджаны ў інтэрнэце загадзя ілжывыя звесткі». Раней пракуратура ўжо праводзіла праверку па гэтай справе і апытвала некаторых журналістаў, што супрацоўнічаюць з «Белсатам».

Цяпер невядома, хто праходзіць як падазраваны па справе. Статус Міколы Дзябёлы – «прысутны пры вобшуку», на допыт пакуль не выклікалі ні яго, ні астатніх калегаў.

ВІДЭА
Міліцыя зноў прыйшла на «Белсат» з балгаркаю. Апошні раз такое было ў 2010 годзе
2019.04.09 13:37

Пра які матэрыял гаворка?

Улетку журналіст Алесь Залеўскі падрыхтаваў відэасюжэт аб карупцыі ў Міністэрстве аховы здароўя, дзе паведамлялася аб затрыманні кіраўніка дзяржпрадпрыемства «Медтэхнацэнтр» Алега Шведа. Але ў тэкставай версіі на сайце зʼявілася паведамленне, што затрыманы і ягоны брат, кіраўнік Камітэту судовых экспертыз Андрэй Швед, што не адпавядала рэчаіснасці.

У канцы ліпеня «Белсат» на сваім сайце зняпраўдзіў інфармацыю і выбачыўся перад чыноўнікам.

У лістападзе 2018 года СК прыняў рашэнне не распачынаць крымінальную справу, аднак у студзені 2019 года яе ўсё ж адкрыла Менская гарадская пракуратура.

Ператрус у менскім офісе завершаны. Сканфіскаваныя ўсе носьбіты інфармацыі

Пазіцыя журналістаў

Кіраўніцтва тэлеканалу звязвае ўзмацненне ціску з жаданнем уладаў перашкодзіць працы «Белсату» у Беларусі.

Вынас тэхнікі расцэньваем як рэпрэсіі, бо справа абсалютна ясная: мы прызналі памылку, перапрасілі. Мяркуем, што матэрыялы, якія застаюцца ў рэдакцыйных кампʼютарах, не могуць унесці ў справу нічога дадатковага, а мэта такіх дзеянняў – ускладніць нашую працу, – гаворыцца ў афіцыйнай заяве «Белсату».

Hавiны
Вынас тэхнікі расцэньваем як рэпрэсіі. Афіцыйная заява тэлеканалу «Белсат» у сувязі з ператрусам у менскім офісе
2019.04.09 16:55

Журналістка Святлана Калінкіна, якая таксама супрацоўнічае з нашым тэлеканалам лічыць дзеянні ўладаў «неадэкватнымі».

«Бясконцыя затрыманні, сачэнне, штрафы – гэта звёны аднаго ланцугу, скіраваныя на тое, каб запужаць людзей, каб яны тут не працавалі.

Рыхтуецца важная электаральная кампанія, выбары, а «Белсат» – адзіны непадкантрольны ўладам тэлеканал, таму будзе памацней любога апазіцыйнага кандыдата. Сітуацыя са Шведам – проста нагода. У межах ніводнай справы аб паклёпе такія дзеянні не праводзіліся», – кажа Калінкіна.

Працаўнікі сілавых структураў, якія праводзілі вобшук на офісе нашага тэлеканалу

Прэс-сакратар беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі адзначыў:

«Пазіцыя БАЖ нязменная: з Крымінальнага кодэксу павінны быць прыбраныя ўсе артыкулы за дыфамацыю (паклёп, абраза). Такія справы мусяць разглядацца выключна ў межах грамадзянска-прававых адносінаў. Не павінна быць так, што адзін чалавек адчуў сябе абражаным, а на яго абарону становіцца ўся дзяржаўная машына, міліцыя, следчыя, дазнавацелі і гд».

Гарэцкі звяртае увагу, што такую пазіцыю падтрымлівае ў сваіх дакументах і АБСЕ, і ААН іншыя міжнародныя арганізацыі.

***

«Белсат» з моманту свайго з’яўлення рэгулярна зазнае ціск уладаў і сілавікоў. Асабліва ён узмацняецца на фоне перадвыбарчых кампаніяў або пратэстаў у Беларусі – з ператрусамі ў нашыя офісы прыходзілі і ў 2010, і ў 2017. Журналістаў, што супрацоўнічаюць з тэлеканалам штрафуюць, затрымліваюць, а часам арыштоўваюць на «содні». Цягам апошніх двух гадоў нашыя журналісты сплацілі штрафаў на суму больш за 87 тысяч долараў.

Абноўлена
Ператрус у менскім офісе завершаны. Забралі ўсе носьбіты інфармацыі
2019.04.09 09:19

Кацярына Андрэева belsat.eu

Стужка навінаў