У ААН асуджаюць рэпрэсіі ўладаў супраць беларускага народа


Адмысловы дакладчык ААН па правах чалавека ў Беларусі Міклаш Харасці асуджае рэпрэсіі супраць беларускага народа. 

Ён заявіў, што занепакоены дзеяннямі беларускіх уладаў у дачыненні мірных дэманстрантаў, непраўладных арганізацыяў, журналістаў і прадстаўнікоў апазіцыі.

«Падзеі апошніх выходных даказваюць наўмысны характар рэпрэсіўных мер і паказваюць адкрытае вяртанне ўрада да старой палітыцы масавых рэпрэсіяў супраць грамадзян, якія ажыццяўляюць або прасоўваюць абарону правоў чалавека, прадугледжаную Канстытуцыяй і міжнароднымі дамовамі. Я працягну ўважліва сачыць за сітуацыяй і заклікаць міжнародную супольнасць дамагацца пачатку дыялогу з праваабаронцамі і з тымі, хто спрыяе мірным і дэмакратычным зменам у Беларусі», – сказаў Харасці.

Яго асабліва ўзрушылі рэйды на офісы НДА, у тым ліку, «Вясны», падчас якога ўжываўся фізічны гвалт.

«Яшчэ два тыдні таму разам з іншымі экспертамі ў галіне правоў чалавека я папярэджваў, што ўрад прэзідэнта Лукашэнкі, які і раней жорстка душыў любыя праявы нязгоды, хутчэй за ўсё, будзе здзяйсняць парушэнні [правоў чалавека]», – нагадаў Харасці.

Афіцыйны Менск не прызнае мандату адмысловага дакладчыка Міклаша Харасці і не пускае яго ў краіну.

Разгон мірнай акцыі 25 сакавіка ў Менску ўжо атрымаў негатыўныя ацэнкі з боку міжнароднай супольнасці. Еўразвяз, ЗША асудзілі дзеянні беларускіх уладаў. Украіна направіла ноту пратэсту ўраду Беларусі праз арышт трох сваіх грамадзянаў.

ВД, паводле un.org

 

Стужка навінаў