У 2012 годзе КДБ планаваў ліквідацыю апанентаў Лукашэнкі за мяжой?


Беларускі народны трыбунал апублікаваў аўдыязапіс нарады, якая прайшла 11 красавіка 2012 года імаверна ў кабінеце старшыні КДБ. Падчас гутаркі чалавек з голасам падобным на голас тагачаснага кіраўніка КДБ Вадзіма Зайцава абмяркоўвае з прадстаўнікамі спецназу «Альфа» аперацыі супраць апанентаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі за мяжой.

Як адзначае БНТ, нарада была прысвечаная пачатку дзейнасці сакрэтнага 7-га аддзелу антытэрарыстычнага падраздзялення КДБ РБ «Альфа». Паводле інфармацыі былога афіцэра спецназу Ігара Макара, 7-ы аддзел антытэрарыстычнага падраздзялення КДБ РБ «Альфа» быў створаны ў 2012 годзе для вырашэння «брудных» задач, у тым ліку для тэрору і ліквідацыі палітычных канкурэнтаў.

Эксперт Нацыянальнага цэнтру медыякрыміналістыкі ЗША (Універсітэт Каларада) Каталін Грыгараш (Catalin Grigoras), які вывучаў аўдыёзапіс на запыт выдання EUObserver (Бельгія), кажа, што з яго выдалены лічбавы подпіс, які мог бы спрыяць ідэнтыфікацыі крыніцы ў КДБ, але запіс не носіць відавочных слядоў аўдыяманіпуляцыяў. Як адзначае EUObserver, напады спецслужбаў Лукашэнкі ў Нямеччыне не адбыліся, але аўдыязапіс, на якім абмяркоўваюцца атакі, «паказвае небяспеку, якую для дзяржаваў ЕЗ уяўляе рэжым-ізгой».

Як адзначае ў гутарцы імаверна Зайцаў, задачу арганізаваць палітычныя забойствы паставіў перад КДБ асабіста Лукашэнка і вылучыў на гэтыя патрэбы $ 1,5 млн. На нарадзе абмяркоўваецца выкарыстанне ядаў, выбуховых рэчываў, паломак аўтамабіля для дасягнення пастаўленых задачаў. У тым ліку абмяркоўваюцца і патэнцыйныя цэлі для забойстваў. У Нямеччыне цэлямі абвяшчаюцца Алег Алкаеў, Уладзімір Барадач і Вячаслаў Дудкін. У Расеі – журналіст Павел Шарамет. У тым ліку на запісы абмяркоўваецца спосаб забойства Шарамета – ставіцца задача яго падарваць. Нагадаем, Павел Шарамет быў забіты 20 ліпеня 2016 года ў цэнтры Кіева – у яго аўтамабілі спрацавала бомба. Цікава, што суаўтарка расследавання забойства Паўла Шарамета, журналістка праекту «Hromadske.tv» «Слідство.Інфо» Ганна Бабінец распавядала «Белсату», што, паводле непацверджанай інфармацыі, жанчына, якая закладала выбухоўку ў машыну Шарамета, магла прыехаць ва Украіну з Беларусі.

Са словаў крыніцаў БНТ, на запісы называюцца не ўсе запланаваныя цэлі. Напрыклад, у Расеі пад удар трапляў так жа палітолаг Андрэй Суздальцаў.

«Вядома, што аперацыі, якія рыхтаваліся аддзелам у 2012 годзе і гаворка пра якія ідзе на запісы, не былі ажыццёўленыя, а В. Зайцаў досыць паспешліва пакінуў сваю пасаду», – адзначаюць у БНТ.

Вадзім Зайцаў.
Фота: tut.by

Вадзім Зайцаў узначальваў КДБ у 2008–2012 гг. Менавіта пры Зайцаву КДБ вёў следства ў крымінальнай справе за Плошчу-2010. Усе яе фігуранты сядзелі ў «амерыканцы», многія потым заяўлялі пра катаванні і здзекі. Адвакатаў да падазраваных не пускалі. Паводле Андрэя Саннікава, Зайцаў асабіста пагражаў фізічнай расправаю яму і ягоным сваякам. Вадзім Зайцаў пазбавіўся сваёй пасады ў лістападзе 2012 года пасля самазабойства падпалкоўніка КДБ Аляксандра Казака. Скандал набыў такі рэзананс, што рэагаваць быў вымушаны асабіста Аляксандр Лукашэнка – ён абвінаваціў Зайцава ў стварэнні «нездаровай маральна-псіхалагічнай абстаноўцы» ў КДБ і адправіў у адстаўку. Потым Зайцаў атрымаў пасаду генеральнага дырэктара «Космас ТБ».

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў