Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган заявіў пра пачатак перакідвання турэцкіх вайскоўцаў у Лівію, дзе яны мусяць выступіць на баку міжнародна прызнанага Ураду нацыянальнага адзінства ў Трыпалі. Пра гэта паведамляе Reuters.
Выступаючы ў Анкары, Эрдаган дадаў, што Турцыя працягне выкарыстоўваць усе дыпламатычныя і ваенныя сродкі для забеспячэння стабільнасці ў рэгіёне, у тым ліку ў Лівіі. Эрдаган зрабіў гэтую заяву за два дні да саміту ў Берліне, дзе прадстаўнікі Германіі, Францыі, ЗША, Расеі, Кітаю, Вялікай Брытаніі, Італіі ды іншых краінаў мусяць абмеркаваць лівійскі канфлікт.
Ён таксама заявіў, што Турцыя пачне выдаваць ліцэнзіі на разведку і бурэнне на ўсходзе Міжземнамор’я ў 2020 годзе ў адпаведнасці з пагадненнем з Лівіяй. Ён сказаў, што турэцкі карабель Oruc Reis пачне сейсмічную дзейнасць у рэгіёне.
ВІДЭА
Не толькі Сірыя. Эрдаган і Пуцін дзеляць Лівію
2020.01.13 13:53
- З таго часу як у 2011 годзе быў зрынуты і забіты кіраўнік Муамар Кадафі, у Лівіі пануе палітычная нестабільнасць і двоеўладдзе. На захадзе краіны, у Трыпалі, размяшчаецца ўрад нацыянальнай згоды, сфармаваны пры падтрымцы ААН і прызнаны міжнароднай супольнасцю. На ўсходзе знаходзіцца парламент і армія пад камандаваннем фельдмаршала Халіфа Хафтара.
- У апошнія гады Хафтар наладзіў шчыльныя стасункі з Масквой. Паводле СМІ, частку вагнэраўцаў летась перакінулі ў Лівію, таксама Расея пастаўляе туды ўзбраенне. У красавіку 2019 года Хафтар актывізаваў свае дзеянні і пачаў наступ на Трыпалі.
- Эрдаган лічыць нелегітымным урад Халіфа Хафтара і падтрымлівае Урад нацыянальнага адзінства. У студзені 2020 года парламент Турцыі ўхваліў законапраект, які прадугледжвае магчымасць адпраўкі турэцкіх вайскоўцаў у Лівію.
ІІ belsat.eu