Не толькі Сірыя. Эрдаган і Пуцін дзеляць Лівію

Турцыя накіроўвае свае войскі ў Лівію, каб дапамагчы прызнанаму ААН Ураду нацыянальнага адзінства як мінімум не знікнуць пад ударамі войскаў генерала Хафтара. Хто адправіцца ваяваць, якіх мэтаў імкнецца дасягнуць Эрдаган, і да чаго гэтакае развіццё канфлікту можа прывесці?

Лівійская нацыянальная армія на чале з генералам Халіфам Хафтарам займае Сірт, а крыху пазней падыходзіць практычна да самога Трыпалі з поўдня ды пачынае ракетны абстрэл пазіцый урадавых войскаў. Хафтар пачаў наступ на Трыпалі яшчэ ў красавіку мінулага году, а цяпер як ніколі блізкі да канчатковай перамогі.

Гаворыць Ахмед аль-Мімары, афіцыйны прадстаўнік Лівійскай нацыянальнай арміі:

«Вышэйшае камандаванне Лівійскай нацыянальнай арміі афіцыйна аб’яўляе вызваленне і ачышчэнне Сірта ад тэрарыстаў і злачынцаў. Мы заўжды мелі ваенныя планы на гэты горад, аднак адкладвалі іх, каб Сірт не быў разбураны ў выніку сутычак».

Тэрыторыя Лівіі падзеленая паміж Урадам нацыянальнага адзінства (фіялетавы) і Лівійскай нацыянальнай арміяй (чырвоны). Графіка belsat.eu

Цяпер Лівія фактычна падзеленая на дзве часткі. У сталіцы – Трыпалі, засядае Урад нацыянальнага адзінства, прызнаны ААН. Большая ж частка краіны кантралюецца парламентам Лівіі, абраным ў 2014 годзе. Ен знаходзіцца ў Табруку і падтрымлівае Лівійскую нацыянальную армію.

У сувязі з няўдачамі на фронце, Урад нацыянальнага адзінства яшчэ пры канцы 2019 года звярнуўся з афіцыйным запытам да Турцыі, каб атрымаць наўпроставае вайсковае падтрыманне. Раней саюзнікі ўраду – Турцыя і Катар – таксама дапамагалі: гэтак, у сеціве дастаткова здымкаў турэцкіх беспілотнікаў і бронеаўтамабіляў у Лівіі. А тыдзень таму турэцкі парламент дазволіў адпраўляць у Лівію турэцкіх жаўнераў. Памер і якасць вайсковага кантынгенту дакладна невядомая і вызначаецца беспасярэдне прэзідэнтам Турцыі – тлумачыць турэцкі журналіст Эрдэм Айдын, дырэктар «RDM Advisory»:

«Турцыя адпраўляе ў Лівію не толькі свае войскі, але і як мінімум тры брыгады паўстанцаў са Свабоднай сірыйскай арміі. Гэта мусіць нейкім чынам кампенсаваць нястачу сухапутных войскаў. Аднак гэтага будзе недастаткова. Урад нацыянальнага адзінства прасіў поўнай марской блакады і зоны, свабоднай ад палётаў над Лівіяй. Але гэта проста немагчыма для краіны, якая на адлегласці 2 тысячы кіламетраў».

У сваю чаргу генерала Халіфу Хафтара і парламент у Тубруку падтрымліваюць Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Саудаўская Аравія, Егіпет ды Расея.

https://belsat.eu/news/genatsyd-armyanau-pasvaryu-zsha-z-turtsyyaj-erdagan-vyjdze-z-nato/

Каментуе Конрад Заштаўт, з аддзелу еўрапейскага ісламу Варшаўскага ўніверсітэту:

«Калі казаць пра генерала Хафтара, якога падтрымлівае не толькі Расея, але часткова і Захад, і Францыя, то гэта даволі моцны палітык, які здолеў падпарадкаваць досыць вялікую тэрыторыю Лівіі ды шмат лакальных лідараў, якія раней не прызнавалі ніякай вышэйшай улады. А ўрад у Трыпалі – вельмі слабы, хоць і прызнаны ААН. Але з другога боку гэты ўрад не можа нават кантраляваць ісламісцкія групоўкі, якія дзеюць самастойна і працягваюць гэты хаос і анархію ў Лівіі».

Сітуацыя ў Лівіі выклікае занепакоенасць у еўрапейскіх дзяржаваў, бо для іх вельмі важнае пытанне спынення плыняў нелегальнай міграцыі, якія ідуць праз Лівію з тэрыторыі Афрыкі. І пакуль урад у Трыпалі не здолеў перамагчы гэтай з’явы цалкам. Відавочна, што паглыбленне канфлікту толькі ўзмоцніць праблему міграцыйнага ціску, і Еўразвяз зацікаўлены ва ўсталяванні стабільнасці ў Лівіі.

«Інтарэсы Еўрапейскага Звязу ў цяперашні момант супярэчаць інтарэсам Турцыі. Бо для Еўразвязу праект «ІстМэд» – здабычы і транспарту газу з усходняй часткі Міжземнага мора ў Еўропу – вельмі важны. А для Турцыі ён шкодны, бо ігнаруе яе прэтэнзіі на гэты шэльф, сярод іншага, каля Кіпру. Не так даўно была падпісаная дамова паміж лівійскім Урадам нацыянальнага адзінства і Турцыяй, якая дзеліць Міжземнае мора гэткім чынам, што лівійская выключная эканамічная зона мяжуе з турэцкаю. Што дазваляе Турцыі заблакаваць газавы праект Грэцыі, Кіпру і Егіпту», – мяркуе Конрад Заштаўт.

Менавіта таму ўтрыманне Ураду нацыянальнага адзінства разглядаецца Турцыяй як стратэгічная мэта. Аднак уначы ў сераду міністры замежных справаў Егіпту, Грэцыі, Кіпру і Францыі сустрэліся ў Каіры, дзе падпісалі супольную заяву, у якой афіцыйна адмовіліся прызнаваць гэтую турэцка-лівійскую дамову. А крыху раней важная энергетычная падзея адбылася ў Стамбуле, куды прыляцеў кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін. Разам з Эрдаганам, а таксама прэзідэнтамі Балгарыі і Сербіі ён узяў удзел у адкрыцці «Турэцкай плыні», адкруціўшы сімвалічны вентыль. Расейска-турэцкі саюз мацнее.

https://belsat.eu/news/belarus-i-turtsyya-pamizh-zsha-dy-raseyaj-i-pachatak-kantsa-erdagana/

Рэджэп Эрдаган, прэзідэнт Турцыі заявіў:

«Каля 16 з 32 мільярдаў кубічных метраў прыроднага газу трапіць наўпрост у Турцыю, без удзелу іншых краінаў. Мы задаволім гадавую патрэбу ў прыродным газе для 35 мільёнаў дамоў. Спадзяюся, праект «Турэцкая плынь» прынясе карысць для нашай краіны і нашых сяброў, якія перамогуць ад гэтага праекту. І я выказваю падзяку ўсім, хто зрабіў свой унёсак у яго».

Не абышлося і без двухбаковай сустрэчы прэзідэнтаў Турцыі ды Расеі, на якой абмяркоўвалася ў тым ліку сітуацыя ў Лівіі. Па выніках перамоваў Эрдаган і Пуцін заклікалі бакі лівійскага канфлікту да замірэння з нядзелі. У прынцыпе, сітуацыя не мусіць выклікаць здзіўленне, бо раней Расея і Турцыя змаглі дамовіцца пра сферы ўплыву ў Сірыі, дзе сітуацыя была значна больш заблытаная за лівійскую.

Працягвае турэцкі журналіст Эрдэм Айдын:

«У Лівіі Расея падтрымлівае Лівійскую нацыянальную армію Хафтара, якой таксама дапамагаюць Егіпет, Саудаўская Аравія і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Яны дасылаюць туды наёмнікаў. І гэта яшчэ адзін рэгіён, дзе Расея і Турцыя мусяць супрацьстаяць адзін адному. Але яны могуць знайсці як мінімум часовыя рашэнні дзеля спынення канфлікту. Прысутнасць дзвюх сілаў дае шанец на нейкае палітычнае развязанне сітуацыі».

Да гэтага заклікалі і ў Бруселі, які ў сераду наведаў кіраўнік Ураду нацыянальнага адзінства Фаіз Сарадж у пошуках выйсця з сітуацыі. Да таго ж, ААН выступіў з афіцыйнаю заявай супраць замежнага вайсковага ўмяшання ў лівійскі канфлікт. Аднак пакуль выглядае на тое, што проста так канфлікт не спыніцца. Тым больш Эрдаган ужо адказаў, што Турцыя ўцягваецца ў лівійскі канфлікт па запыце міжнародна прызнанага Ураду нацыянальнага адзінства. Пытанне ў тым, наколькі далёка можа пайсці Эрдаган, каб спыніць рашучы наступ Хафтара.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 10.01.2020

Іншыя тэмы выдання:

 

Hавiны