«Цяпер для прарыву патрэбна шмат грошай». IT-прадпрымальнік Аляксандр Лозбень пра майнінг, выбары і дэкрэт №8


Сістэма дзяржаўнага кіравання не паспявае за імклівым развіццём IT-сферы, а рэалізацыя дэкрэта №8 «Аб лічбавай эканоміцы» тармазіцца на ўзроўні падзаконных актаў. Пра гэта ў інтэрв’ю belsat.eu распавёў Аляксандр Лозбень – IT-прадпрымальнік, дырэктар кампаніі «Cryptcode». Сёлета ён вылучаў сваю кандыдатуру на выбарах у Палату прадстаўнікоў па 105-й Старавіленскай акрузе ў Менску, але не быў зарэгістраваны ЦВК.

Я чытаў дэкрэт і адчуваў гонар за краіну

– Год таму, выступаючы на Blockchain & Bitcoin Conference, вы наступным чынам ацэньвалі Дэкрэт №8: «Беларусі атрымалася хайпануць. Але пасля гэтага нічога не сталася. Мы размаўляем з калегамі па свеце, і шмат у каго вялікае расчараванне». Ці актуальна гэта выказванне сёння? Або нешта змянілася?

– Кардынальна сітуацыя не змянілася. Дэкрэт дэ-юрэ працуе, а дэ-факта – не. Дагэтуль мы маем галіны, якія адлюстраваныя ў дэкрэце, але на практыцы ніводнай кампаніі там няма.

– Што не так з дэкрэтам № 8?

– Сам дэкрэт – цудоўны, ліберальны. Я яго чытаў і адчуваў гонар за краіну: няўжо, думаю, нарэшце напісалі закон, каб дапамагчы людзям працаваць, а не абмежаваць іх? Шмат у каго ў гэтым бізнесе была эйфарыя, здавалася што вось-вось Беларусь стане крыптараем. Але калі мы спусціліся на падзаконныя акты, на заканадаўчыя патрабаванні ўзроўню ніжэйшага за дэкрэт, усё аказалася вельмі заціснута, сфера жорстка рэгулявалася.

Аляксандр Лозбень – IT-прадпрымальнік, дырэктар кампаніі «Cryptcode». Ірына Арахоўская / «Белсат»

Прывяду прыклад. У дэкрэце прапісана, што можна стварыць сваю крыптавалютную біржу або свой абменнік, і для гэтага трэба мець пэўную суму грошаў у статутным капітале – здаецца, 200 тысяч рублёў для абменніка і 2 мільёны для біржы. Лічбы, здаецца, вялікія, але для сур’ёзнага бізнесу гэта нармальна. Але потым выйшаў падзаконны акт, дзе канчатковыя бенефіцыяры мусяць мець уласнасць, калі не памыляюся, не менш чым у 5 мільёнаў долараў у эквіваленце.

То бок у законе гэтага няма, а на ўзроўні падзаконных актаў з’яўляецца шмат дадатковых фільтраў, якія фактычна не маюць дачынення да таго, чым ты займаешся.

Праўда, цяпер ідзе праца над новай версіяй дэкрэту «Аб развіцці лічбавай эканомікі». Наколькі я разумею, там мусіць ісці гаворка пра лібералізацыю IT-бізнесу ў краіне.

«Інавацыі будуць эфектыўнымі, калі яны будуць укараняцца не толькі ў ПВТ»

– То бок праблема ў тым, што існае заканадаўства абмяжоўвае магчымасці, якія дае IT-дэкрэт?

– Справа ў тым, што гаворка ідзе пра вялікую сістэму. Калі мы, напрыклад, прымаем закон, паводле якога можна дэклараваць крыптавалюту, то гэта датычыць не толькі ПВТ. Гэта датычыць інспектара нейкага абласнога цэнтру, дзе чалавек будзе падаваць дэкларацыю аб даходах. А гэты інспектар нават не ведае, як дэклараваць крыптавалюту, як праверыць рэальнасць гэтых актываў і г.д.

Аляксандр Лозбень і карэспандэнт «Белсату» Ігар Ільяш. Ірына Арахоўская / «Белсат»

Каб гэта ўсё запрацавала, патрэбная адпаведная адукацыя на ўсіх узроўнях дзяржаўнага кіравання. Вельмі цяжка змяняць адну галіну, не змяняючы ўсё астатняе. Вось уявіце: вы ў ваннай хочаце мець гарачы душ і пры гэтым нейкі кут з халоднай тэмпературай – натуральна, што гэта зрабіць вельмі складана. Тое ж самае і з краінай. Інавацыі будуць эфектыўнымі, калі яны будуць укараняцца не толькі ў ПВТ, але і ва ўсіх сферах жыцця.

– Але ці мэтазгодна ўскладаць вялікія спадзевы менавіта на IT-сферу?

– У незалежнай Беларусі не шмат дасягненняў на міжнародным узроўні. Разумееце, ёсць сусветныя рынкі, барацьба за якія ўжо адбылася. Там высокая канкурэнцыя і туды цяжка трапіць. Таму трэба ісці на новыя рынкі, дзе сітуацыя больш свабодная. Калі б мяне спыталі, чым я хачу займацца, я б сказаў, што хачу гандляваць нафтай або ствараць аўтамабілі. Але я пайшоў у інавацыі, бо там больш адкрыты рынак. Мы, вядома, можам змагацца за стварэнне найлепшага трактара ў свеце, які выцягне нас на новы эканамічны ўзровень. А можам прызнаць, што некаторыя рынкі мы ўжо прайгралі. Таму трэба мяняць прыярытэты.

Аляксандр Лозбень балатаваўся па Старавіленскай выбарчай акрузе № 105. Ірына Арахоўская / «Белсат»

– Ці сапраўды стварэнне IT-універсітэту можа стаць прарывам для гэтай галіны?

– Тое, што ў галіне ёсць недахоп кадраў, гэта відавочна. Тое, што трэба перацягваць людзей з іншых сфераў, таксама відавочна. Гэта будзе карысна для ўсіх. Але паўстае рытарычнае пытанне: ці здольныя мы добра вучыць?

Аб’ектыў
Эканаміст Сяргей Чалы: «ІТ-універсітэт Лукашэнкі насамрэч будзе ІТ-вучылішчам»
2019.10.14 22:58

Каб ствараць IT-універсітэт, трэба збіраць не айтышнікаў, а выкладчыкаў. Вось я, напрыклад, не маю вышэйшай адукацыі, але гэта не перашкаджала мне чытаць лекцыю пра крыптавалюту на курсах павышэння кваліфікацыі ў БНТУ. Ці маю я падставы чытаць лекцыі перад студэнтамі? Ну, лекцыю аднаго дня прачытаць – імаверна. Але ці зможа хтосьці атрымаць такія навыкі ў крыптавалюце або блокчэйне, каб мець доктарскую ступень? Сумняюся, бо для гэтага патрэбная community (супольнасць асобаў. – Заўв. belsat.eu), людзі мусяць размаўляць паміж сабой – вучоныя з вучонымі, распрацоўнікі з распрацоўнікамі, мусяць адбывацца канферэнцыі. Адзін універсітэт наўрад ці вырашыць праблему лёгка і хутка. Хутчэй гэта мусіць быць комплекс захадаў, і пачынацца яны павінны яшчэ са школы.

Абсталяванне для майнінгу крыптавалютаў. Фота Vyacheslav Prokofyev / TASS / Forum

«Гэта было, вядома, вау!»

– Вы пачыналі як майнер, а цяпер займаецеся стварэннем софту – сістэмамі маніторынгу і менеджменту майнінг-абсталявання. Чаму менавіта так склаўся ваш шлях?

Справка

Майнінг – дзейнасць па стварэнню новых структураў для забеспячэння функцыянавання крыптавалютных платформаў.

– Спачатку мы з сябрамі купілі адну майнінг-ферму на дваіх. Выплаты мы атрымлівалі вельмі хутка: літаральна ўвечары «ўваткнулі» (пачалі майніць. – Заўв. belsat.eu), а ноччу ўжо атрымалі першыя выплаты. Гэта было, вядома, ўаў! Мы ж прывыклі, што бізнес доўга разгойдваецца. А тут такі шок!

Але майнінг – гэта не друкаваны станок. З тых часоў (2015 — 2017 гг. – Заўв. belsat.eu) сітуацыя на рынку моцна змянілася, і я зразумеў, што фактычна мець «жалеза» (маецца на ўвазе абсталяванне для майнінгу. – Заўв. belsat.eu) не абавязкова, каб працаваць у гэтай галіне.

Фізічны пуск першага энергаблока Беларускай АЭС плануецца ў студзені 2020 года. Фота Natalia Fedosenko / TASS / Forum

– Вы неаднаразова ў інтэрв’ю прызнавалі, што бум майнінгу прайшоў. Ці ёсць сёння перспектывы ў гэтай сферы?

– Безумоўна. Я нядаўна быў на міжнародным майнінг-саміце ў Франкфурце – World Digital Mining Summit. Я шмат каму задаваў пытанне: ці жывы майнінг сёння? Адказы былі абсалютна розныя. Гэта сведчыць пра тое, што майнінг стаў бізнесам, і ў кожнага справы ідуць па-свойму. Відавочна, што майнінг стаў больш прагназаваным, туды прыйшлі вялікія грошы. Калі раней майнінг выклікаў усмешку, то цяпер пад яго даюць лізінгі, крэдыты, залогі.

Аляксандр Лозбень – IT-прадпрымальнік, дырэктар кампаніі «Cryptcode». Ірына Арахоўская / «Белсат»

Пра майнінг і БелАЭС

– Што патрэбна для развіцця майнінгу ў Беларусі?

– Танная электраэнергія. Калі ў краіне будзе палітычная воля і жаданне рабіць энергетычную галіну празрыстай, то шанцы ў нас ёсць. Я так разумею, што БелАЭС — гэта ўжо дадзенасць. То бок, імаверна, будзе прафіцыт электраэнергіі, якую ў тым ліку можна накіраваць на патрэбы майнераў.

У свеце ёсць шэраг рэгіёнаў з таннай электраэнергіяй – гэта асобныя раёны Расеі, Кітаю і ЗША. Там сканцэнтравана большасць майнінгу ў свеце. Калі мы хочам канкураваць, то нам патрэбны канкурэнтны цэннік. Трэба зрабіць 3 цэнты за кілават-гадзіну. Цяпер у нас самы танны тарыф для юрыдычных асобаў – 10 цэнтаў.

Банкаматы па абслугоўванні ўласных крыптавалютных рахункаў можна сустрэць у сталіцы Швейцарыі. Фота ARND WIEGMANN / Reuters / Forum

– Чаму электраэнергія настолькі важная для майнінгу?

– Даходнасць майнінгу залежыць ад чатырох фактараў: курс крыптавалюты, яе колькасць, кошт дэвайсаў, што вы купілі, і кошт абслугоўвання. 99% выдаткаў на майнінг – гэта выдаткі на электрычнасць. Выдаткоўваюцца вялікія аб’емы электрычнасці. Таму каб быць канкурэнтнымі, трэба зніжаць кошт.

Мы рэзідэнты ПВТ па майнінгу. Размяшчаць дата-цэнтры ў Беларусі цяпер не мае ніякага эканамічнага сэнсу. Пры цяперашнім курсе крыптавалютаў мы будзем працаваць у мінус. Менавіта таму мы арандуем магутнасці ў Расеі – там проста танней электрычнасць і там у нас баланс пазітыўны.

– Але такога буму ў майнінгу, як было ў 2017 годзе, ужо ўсё роўна не будзе?

– Не ведаю. Цяпер сітуацыя стабільная, для нейкага прарыву патрэбна шмат грошаў – значна больш, чым раней. Хатнія майнеры сталі неканкурэтнымі, яны не могуць канкураваць з буйнымі майнінг-кампаніямі, з дата-цэнтрамі, якія на электрастанцыях арандуюць магутнасці.

Цяпер гэта гісторыя пра вялікія грошы. Сітуацыя, калі ты ўкладаеш 1,5 тысячы долараў і хутка атрымліваеш вялікі даход, цяпер немагчыма. Кажуць, што цяпер для годнага старту ў майнінгу патрэбна мець капітал памерам ад 100 тысяч да мільёна долараў.

Аляксандр Лозбень – IT-прадпрымальнік, дырэктар кампаніі «Cryptcode». Ірына Арахоўская / «Белсат»

«Я задэклараваў крыптавалюту на 100 тысяч долараў»

– Вы можаце назваць сябе паспяховым ай-ты-прадпрымальнікам?

– Не думаю. Я ведаю людзей значна больш паспяховых. Некаторыя хлопцы зарабілі на крыптавалютах мільёны долараў – у нас гэта не атрымалася, хаця пачыналі мы ў адзін час.

– Калі вы вылучаліся на выбарах, то падавалі падатковую дэкларацыю. Які гадавы даход вы там пазначылі?

– Сем тысяч рублёў. У мяне заробак невялікі. Ну і таксама я задэклараваў крыптавалюту прыкладна на 100 тысяч долараў. Ці шмат гэта? Гледзячы з кім параўноўваць. Мне цяпер 30 гадоў, і я разумею, што Цукербэрг у гэтым узросце адчуваў сябе значна лепш.

Аляксандр Лукашэнка.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Пра выбары і Лукашэнку

– Чаму вы захацелі паўдзельнічаць у выбарах?

– Думкі такія з’яўляліся даўно, але больш на ўзроўні фантазіяў. А сёлета мне споўнілася 30 гадоў. Шмат для каго гэты ўзрост звязаны з жорсткай апатыяй (смяецца). Пачынаеш думаць: жыццё ідзе, а чаго ты дасягнуў? А тут яшчэ бачу навіну, што «Міс Беларусь» вылучаецца ў кандыдаты…Вось я і падумаў: трэба нешта рабіць, спрабаваць!

– А вы сапраўды верылі, што вас могуць выбраць у дэпутаты?

– Вядома. Я дагэтуль думаю, што я самы моцны вылучэнец па акрузе. Я ж размаўляў з людзьмі падчас збору подпісаў: яны стаміліся і ад улады, і ад апазіцыі. І я дакладна разумеў свае плюсы ў гэтай сітуацыі.

Я шчыра лічу, што ў краіне ёсць праблемы, і яны ідуць ад самага верху. Але калі б заўтра былі выбары, я б галасаваў за Лукашэнку.

Выступ кіраўніка краіны ў Палаце прадстаўнікоў

– Чаму за Лукашэнку?

– Бо цяпер ёсць вонкавая сіла, якая пагражае маёй краіне. У мяне няма ніякіх сімпатыяў да Лукашэнкі. Я лічу абсалютна няправільным, што адзін чалавек — 25 гадоў ва ўладзе. Але я спрабую думаць з пазіцыі патрыёта. Я лічу, што цяпер для Беларусі галоўнае – захаванне незалежнасці. Мы моцна загуляліся ў стасунках з Расеяй. У мяне ёсць спадзеў, што паколькі ў гэтага чалавека ёсць шмат досведу, то ён зможа неяк дамовіцца з іншым чалавекам у Маскве, у якога таксама шмат досведу. Я разумею, што калі прыйдзе нейкі малады і прагрэсіўны прэзідэнт, то яго могуць абвесці вакол пальца, бо цяпер у Крамлі вельмі хітрыя людзі сабраліся. Я лічу, што галоўнае разабрацца з вонкавымі фактарамі, а ўжо потым мы неяк самі разбярэмся ўнутры краіны.

– Калі вы кажаце, што верылі ў магчымасць абрацца, то сыходзіце з таго, што галасы будуць сапраўды лічыць?

– Не, не так. Вядома, хацелася б каб ідэальна лічылі галасы і ўсё было празрыста, каб былі правілы для ўсіх аднолькавыя. Але я сыходзіў з беларускіх рэаліяў. Думка была такая: мы бачым пацяпленне стасункаў з Захадам, і можа, ў сувязі з гэтым у парламент дапусцяць больш іншадумцаў, больш незалежных кандыдатаў. У мінулы раз было, напрыклад, 2, а цяпер будзе 5 — 6. Але гэтага не адбылося. Наколькі я разумею, было вырашана не пусціць на выбары ўсіх, каго можна не пусціць на законных падставах. Мяне, напрыклад, не зарэгістравалі несправядліва, але па абсалютна законных прычынах. Як гэта? Напрыклад, жанчына ўказала стары адрас прапіскі – прычым і той, і іншы адрас уваходзіць у маю акругу. Але подпіс у выніку прызнаецца несапраўдным. Па законе гэта? Так. Справядліва? Не.

– Палітычныя амбіцыі ў вас пры гэтым застаюцца?

– Так. Я лічу, што гэта была проста проба пяра. Але цяпер глабальна змагацца проста не мае сэнсу.

– На вашу думку, ці могуць айтышнікі стаць нейкім лакаматывам перамен у Беларусі?

– Я сумняюся, што ай-ты-сектар пойдзе ў палітыку. Але шмат у каго ёсць жаданне зрабіць жыццё ў краіне лепш.

У паспяховых людзей раней ці пазней з’яўляюцца думкі пра тое, каб з’ехаць за мяжу. Гэта натуральна, калі ты рэгулярна вандруеш, бачыш, як людзі жывуць за мяжой, і разумееш, што можаш быць там запатрабаваным.

На мой погляд, у Беларусі з’явіўся новы клас людзей, якія дамагліся чагосьці, але пытанне з пераездам не вырашылі да канца. Яны выраслі ў гэтай сістэме, разумеюць, што сістэма жорсткая і аўтарытарная. Але з’язджаць яны не хочуць: у іх тут сваякі і сябры, прыемныя ўспаміны і г.д.

І нашая задача як грамадства у тым, каб маятнік перасунуўся ў бок рашэння застацца ў Беларусі.

Калі сыходзіць з фізічнага падыходу, то трэба быць аптымістам: жыць нам засталося больш, чым усяму цяперашняму істэблішменту. Проста таму, што мы маладзейшыя.

Hавiны
Сяргей Чалы: Беларусі патрэбна буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя
2019.10.10 19:41

Ігар Ільяш belsat.eu

Стужка навінаў