На ўчастку чыгункі Орша-Віцебск паблізу вёскі Замасточча, дзе 24 ліпеня вечарам сышоў з рэек грузавы цягнік, да гэтага часу працягваюцца працы па ліквідацыі наступстваў аварыі.
З рэек сышлі 15 цыстэрнаў грузавога цягніка. Усяго цягнік перасоўваў 68 вагонаў, у тым ліку 39 цыстэрнаў з газам, 1 вагон з драўнінай, 28 пустых паўвагонаў.
«Уцечка газу, якая была ў адной з цыстэрнаў ужо ліквідавана. Працаўнікі МНС наклалі адмысловы бандаж. Пацярпелых у выніку здарэння няма. Людзі, якія знаходзіліся ў садовых таварыствах, што знаходзяцца побач, былі эвакуяваны ў адмысловы часовы пункт для размяшчэння», – распавяла «Белсату» прэсавы сакратар Віцебскага МНС.
Цяпер на месцы здарэння аварыі працуе больш за 200 асобаў з розных арганізацыяў, працуюць і тры аднаўленчыя цягнікі.
Паколькі гэты ўчастак чыгункі аднабаковы, рух цягнікоў пакуль тут немагчымы, таму арганізаваны аб’езд станцыі. Пасажыраў з двух цягнікоў, якія ў выніку сыходу цягніка з рэек аказаліся заблакаванымі на станцыі, а гэта 442 чалавекі, адвезлі на аўтобусах у Полацк і Віцебск
«Прычыны надзвычайнага здарэння высвятляюцца», – адзначылі ў Віцебскім МНС.
СК belsat.eu