«Ціхая спецаперацыя». Выкралі шамана, які ішоў выганяць Пуціна з Крамля


Якуцкага шамана Аляксандра Габышава ўночы 19 верасня выкралі ўзброеныя людзі ў масках. Яны ўварваліся ў намёт шамана і пацягнулі яго ў аўта, пасля чаго вывезлі ў невядомым напрамку, паведаміў адзін з ягоных прыхільнікаў.

«Уварваліся, яго павалілі на зямлю. Такі вялікі натоўпам, з аўтаматамі, дручкамі. Моўчкі. Толькі Сашу шамана арыштавалі, больш нічога не было. Ніякіх дакументаў ніхто не паказваў. Гэта быў узброены захоп грамадзяніна. Ціхая спецаперацыя. Так ловяць і хапаюць злодзеяў», – дадаў відавочца.

Адзін з тых, хто суправаджаў шамана, распавёў выданню «Znak.com», што затрыманне праводзіла паліцыя.

Рэгіянальнае МУС адмовіліся каментаваць журналістам затрыманне шамана, а ў Следчым камітэце Бураціі заявілі, што не маюць дачынення да ягонага затрымання.

Журналіст Барыс Ветраў са спасылкай на ананімную крыніцу ў праваахоўных органах распавёў выданню «Сибирь. Реалии», што на Габышава завялі крымінальную справу і прызначылі псіхіятрычную экспертызу. Ёсць версія, што справу распачалі паводле артыкулу «Арганізацыя экстрэмісцкага супольнасці».

На сваім шляху Габышаў пагутарыў з сотнямі кіроўцаў, відэа з яго пропаведзямі набралі больш за мільён праглядаў. Кадр відэа з каналу «Александр Габышев Шаман» у «YouTube»

Аляксандр Габышаў выйшаў з Якуціі ўвесну і ідзе ў Маскву ўжо чатыры месяцы. Дайсці плануе за два гады.

У ліпені Габышаў сабраў масавы мітынг у Чыце, на які сабраліся больш за 700 чалавек. Галоўным лозунгам мітынгу быў «Расея без Пуціна».

9 верасня ў сталіцы Бураціі пачалася акцыя пратэсту. Тры дні людзі не сыходзілі з плошчы, нягледзячы на ​​разгоны і затрыманні. Яны патрабавалі адмяніць вынікі выбараў мэра Улан-Удэ, а таксама вызваліць затрыманых раней прыхільнікаў шамана Аляксандра Габышава.

Паводле шамана, «Пуцін не чалавек, а дэман, і ён павінен яго выгнаць». Паводле шамана, ягоныя галоўныя метады – народныя сходы і мітынгі, але, калі гэта не дапаможа, ён гатовы ўжыць і «іншыя метады».

ДД belsat.eu

Стужка навінаў