Ціханоўская пра затрыманых у выходныя: «У нас ёсць 200 новых прычынаў не спыняцца да самай перамогі»


Прэс-служба Святланы Ціханоўскай, былой кандыдаткі на прэзідэнцтва Беларусі, апублікавала ейную заяву наконт затрыманняў, што адбыліся на акцыях салідарнасці ў мінулыя выходныя. У рукі сілавікоў трапілі каля 200 чалавек.

«Усе гэтыя выходныя беларусы выходзілі на вуліцы за сваіх герояў перамен. За Ігара [Лосіка], які трымае галадоўку ўжо больш за 40 дзён, за 18-гадовую Сафію [Малашэвіч], якую пасадзілі на два гады за адзін малюнак на шчыце. За Сяргея [Ціханоўскага], Марыю [Калеснікаву], Віктара і Эдуарда [Бабарыкаў], якія паказалі нам, якімі моцнымі мы можам быць. Беларусы выходзілі, хаця рызыкавалі самі стаць палітзняволенымі.

У пятніцу на Радзе бяспекі ААН рэжыму выразна далі зразумець, што гвалт мае быць спынены, і вязняў сумлення мусяць вызваліць без усялякіх умоў. Але ўжо ў суботу затрымалі 156 чалавек, у нядзелю – больш за 40. Я ўпэўненая, для сілавікоў рэжыму гэта толькі нагода атрымаць новыя ўзнагароды. Але для нас гэта 200 нявінна арыштаваных людзей.

Гэта 200 сем’яў, якія здолеюць кантактаваць з блізкімі толькі праз лісты і перадачы.

Гэта яшчэ 200 беларусаў, якія на ўласным досведзе даведаліся, што ў іхнай краіне цяпер няма праваахоўнай сістэма, а замест яе – толькі карная.

Гэта 200 людзей, пазбаўленыя фізічнай волі за тое, што патрабавалі волі для сваёй краіны.

Так выйшла, што ў гэтыя выходныя жыхары Расеі таксама выйшлі за сваіх герояў. Яны таксама выйшлі супраць гвалту – і сутыкнуліся з гвалтам у адказ. Яны выйшлі па сваіх прычынах, але ў знак салідарнасці выносілі беларускія сцягі ў Маскве, Хабараўску, Пецярбургу і іншых гарадах.

Гэтыя выходныя зноў прадэманстравалі, што супрацьстаяць сістэме рэпрэсіяў вельмі складана. Але цяпер у нас ёсць 200 новых прычынаў казаць яшчэ гучней, дзейнічаць яшчэ хутчэй і не спыняцца да самай перамогі», – сказала Ціханоўская.

У суботу, 23 студзеня, у Расеі адбыліся пратэставыя акцыі супраць арышту апазіцыйнага дзеяча Аляксея Навальнага. Маніфестацыі прайшлі ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Ніжнім Ноўгарадзе, Уладзівастоку, Хабараўску і яшчэ ў больш як 100 гарадах. Агулам удзел у іх прынялі дзясяткі тысяч чалавек. Колькасць затрыманых перавысіла 3000 асобаў.

Hавiны
Дзень мітынгаў за вызваленне Аляксея Навальнага. Хроніка дня
2021.01.23 13:44

У той жа дзень беларусы выйшлі на акцыі салідарнасці з расейскімі пратэстоўцамі. Праваабаронцам вядома пра 156 затрыманых 23 студзеня. З заявы Святланы Ціханоўскай вынікае, што прынамсі яшчэ 40 чалавек затрымалі на наступны дзень.

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў