Ці беларусы могуць удзельнічаць у вучэннях НАТО?


Палкоўнік запасу Леанід Спаткай у інтэрвʼю Змітру Міцкевічу каментуе вялікія вучэнні АДКБ «Баявое братэрства», беларускі этап якіх пачынаецца 14 кастрычніка ды аналізуе рэакцыю Аляксандра Лукашэнкі на міжнародныя манеўры пад амерыканскім камандаваннем «Абаронца», якія плануюць на вясну 2020 у суседніх з Беларуссю дзяржавах.

Пачаліся вучэнні «Баявое братэрства» з удзелам беларускіх вайскоўцаў. У суме больш за 10 000 людзей. Што будуць адпрацоўваць і які галоўны сцэнар?

Гэтыя вучэнні шматпланавыя, бо задзейнічаныя 4 палігоны і 4 сцэнары. Па-першае, палігон Муліна ў Расеі. Там ужо адпрацоўваюць выпрабаванні сілы сродкаў матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння. У Беларусі задзейнічаныя 3 палігоны: Чэпелеўскі, Даманаўскі, Обуз-Лясноўскі. Там паводле сцэнару будуць сілы выведкі «Пошук-2019». Потым ў Муліна будуць сілы адмысловых аперацыяў краінаў АДКБ. Таксама ў Таджыкістане тыя ж сілы адмысловых аперацыяў будуць праводзіць другую фазу вучэнняў. Вось што агулам вядома пра гэтыя вучэнні.

Нас больш цікавіць Беларусь. Тым больш з 7 кастрычніка праходзяць вучэнні і беларускіх узброеных сілаў, што выклікала перапалох у медыях Украіны, бо адбываецца канцэнтрацыя беларускай тэхнікі каля ўкраінскай мяжы. Яны не ўваходзяць у агульны план вучэнняў «Баявое братэрства – 2019» краінаў АДКБ, але гарманіруе з гэтым. Гэта таксама перакіды беларускіх узброеных сілаў, падраздзяленняў вайсковай часткі рознымі шляхамі: паветраным эшалонам, наземным эшалонам. Паветраны эшалон – гэта як высадка пасадачным спосабам, на пляцоўцы прызямлення, гэтак і парашутам. Прычым парашутам пры розных умовах: удзень, уначы, пры добрым надвор’і, пры кепскім.

Наколькі нашае грамадства мусіць цікавіцца прысутнасцю расейскіх войскаў на нашай тэрыторыі, наколькі гэта мусіць нашае грамадства непакоіць? Наколькі апраўданы градус напалу ў замежных медыях у сувязі з гэтым?

Мы добра памятаем, калі быў такі выпадак некалькі гадоў таму наконт 10 тыс. вагонаў. Маўляў, расейскія вайскоўцы заехалі ды магчыма да гэтага часу хаваюцца ў палескіх лясах і багнах. Таму ў першую чаргу Міністэрства абароны павінна даваць загадзя аб’ектыўную поўную інфармацыю, каб людзі не атрымлівалі розныя плёткі і гэтак далей. Безумоўна грамадства непакоіць, з якой мэтай гэтыя войскі, якой колькасцю, з якім узбраеннем, збіраюцца назад вяртацца ці не. Таму каб не было ніякіх чутак, плётак, у першую чаргу павінна быць аб’ектыўная інфармацыя як для беларускага грамадства, так і для бліжэйшых суседзяў: Польшчы, Украіны. Гэта мера даверу.

На гэтым фоне цікавая заява Аляксандра Лукашэнкі, яго занепакоенасць наконт вучэнняў у нашых заходніх суседзяў з удзелам амерыканскіх войскаў, якія будуць буйнейшымі за 25 гадоў. Наколькі рэальна нас гэта мусіць непакоіць?

Я б не сказаў, што яны найбуйнейшыя за 25 гадоў. Гэта найбуйнейшы за апошнія 25 пасляваенных гадоў перакід амерыканскіх войскаў з амерыканскіх земляў на еўрапейскія. Безумоўна, непараўнальная колькасць нават тых вайскоўцаў, якія былі задзейнічаныя падчас манеўраў Захаду ў розныя гады, і колькасць, што плануецца ўвесну наступнага года ў Польшчы і некаторых краінах-чальцах НАТО, улічваючы, што агульны кантынгент – каля 37 тыс. чалавек. Цяпер на тэрыторыі Беларусі ўдзельнічае 900 чалавек, з іх 400 вайскоўцаў Беларусі. Маштабы вельмі розныя. Безумоўна, ёсць занепакоенасць кіраўніцтва Беларусі, але там, у адрозненне ад нас, загадзя, больш чым за паўгода, даецца інфармацыя, колькі вайскоўцаў будзе задзейнічана, іхныя маршруты. У якасці перавалачнага хабу будзе Нямеччына, і потым яны будуць высоўвацца ў Польшчу. Несумненна, на гэтыя вучэнні будуць запрашацца гледачы, у тым ліку ад Беларусі, каб уласнымі вачыма пабачыць, як нашыя суседзі адточваюць вайсковае майстэрства.

Ізноў пра вучэнні. Ці можа ўся напружанасць у рэгіёне выкарыстоўвацца Лукашэнкам у якасці карты гульні з Масквой. Маўляў, мы вас абараняем, мы вашыя найбліжэйшыя саюзнікі – уся гэтая катрынка, якую мы чуем ужо даволі працяглы час.

З іншага боку ён выказаў меркаванне, што не супраць, каб і Беларусь паўдзельнічала ў нейкіх супольных вучэннях з НАТО. У іх таксама ёсць чаму павучыцца. Цяпер такія ўмовы, калі не адзін раз гучалі ад кіраўніцтва краіны , у тым ліку ад міністра замежных справаў, такія заявы, што Беларусь не павінная быць на рубяжы супрацьстаяння паміж Расеяй і Заходняю Еўропай. Насамрэч такая сітуацыя ёсць. І, безумоўна, у такой сітуацыі Беларусі трэба рабіць нейкі выбар: напрыклад, быць нейтральнаю дзяржавай, але на сёння Беларусь – чалец АДКБ. Таму хочаш – не хочаш, калі грыбам назваўся, то і ў кошык залазь. Тут тое самае, калі ты чалец АДКБ, то ты павінен выконваць умовы перабывання ў гэтай арганізацыі, у тым ліку браць удзел у розных вучэннях, манеўрах.

Калі мы гіпатэтычна ўявім, што ў Беларусі з’явілася жаданне ўзяць удзел у вучэннях НАТО, то якая рэакцыя на гэта можа быць з боку Расеі?

Пакуль Беларусь чалец АДКБ, гэта ў прынцыпе немагчыма, бо чалецтва АДКБ накладае пэўныя абмежаванні на Беларусь, у тым ліку ўдзел у вучэннях з іншым блокам, які супрацьпастаўляецца АДКБ – НАТО. Калі нейкія супольныя вучэнні не з тым блокам краінаў, напрыклад, з Украінаю, то гэта я яшчэ дапускаю, такое магчыма. Беларусь як краіна-чалец АДКБ удзельнічае з краінай, якая не сябра ніводнай вайскова-палітычнай арганізацыі – такое дапушчальна. Што датычыць супольных вучэнняў з Польшчаю або з Літвою, то на сёння гэта выключаецца. Безумоўна, могуць быць нейкія супольныя мерапрыемствы ў плане ўзаемадзеяння памежных службаў. Гэта факт і гэта адбываецца. Я не выключаю, што беларусаў могуць запрасіць узяць удзел у вучэннях, нейкі батальён або роту, але тое, што гэтае запрашэнне не будзе прынятае, – 100 адсоткаў.

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 11.10.2019

Іншыя тэмы выдання:

 

Стужка навінаў